25 ліпеня ў нашай краіне адзначаецца Дзень пажарнай службы Беларусі. Раніцай 24 ліпеня па ініцыятыве супрацоўнікаў Іўеўскага РАНС адбылася святая Імша ў парафіяльным касцёле свв. апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі.
На Эўхарыстыі маліліся за ўвесь калектыў пажарнай службы, а таксама за тых, хто аддаваў сваё жыццё службе і ратунку людзей. На Імшы прысутнічалі пажарнікі не толькі з Іўя, але і з усяго раёна.
Пробашч парафіі кс. Ян Гавецкі выказаў ім падзяку за штодзённую адданую службу і прысвячэнне сябе нашаму грамадству.
Трэба адзначыць, што калектыў Іўеўскага РАНС не першы раз збіраецца ў святыні. Штогод пажарнікі ўдзельнічаюць у супольнай малітве ва ўспамін свайго апекуна святога Фларыяна. Таксама яны заўсёды адгукаюцца на просьбу аб дапамозе ў добраўпарадкаванні касцёла і арганізацыі розных мерапрыемстваў.
Дзень пажарнай службы Беларусі заснаваны ўказам кіраўніка дзяржавы 11 верасня 1998 г. Выбар афіцыйнай даты свята не выпадковы, бо менавіта 25 ліпеня ў 1853 годзе па рашэнні Мінскага губернскага праўлення і Мінскай гарадской думы была заснавана пажарная ахова ў Мінску. З гэтага моманту пачынаецца гісторыя пажарнай службы ў нашай краіне.
Раман Ярмош