Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звяртаецца да турыстаў з просьбай пры наведванні месцаў культу адносіцца з пашанай да іх сакральнага характару і захоўваць адпаведныя нормы паводзінаў.
Як паведамляе catholic.by, у сезон летніх адпачынкаў значна павялічылася колькасць турыстаў у каталіцкіх святынях, многія з якіх з’яўляюцца помнікамі архітэктуры і гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі.
У сувязі з гэтым арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч кіруе асаблівы зварот да святароў, экскурсаводаў і турыстаў, нагадваючы пра неабходнасць захавання пэўных правілаў пры наведванні касцёлаў і іншых месцаў культу.
Кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату нагадвае, што забаронена:
- правядзенне экскурсій у святынях падчас набажэнстваў і малітвы;
- уваход у святыні ў неадпаведным адзенні (з адкрытымі плячыма, у шортах і міні-спадніцах), а для мужчын таксама ў галаўных уборах;
- спажыванне ў месцах культу любой ежы, у тым ліку марозіва, цукерак і жуек, а таксама напоеў;
- уваход у месцы культу з жывёламі.
Пры наведванні касцёлаў і іншых месцаў культу неабходна адключыць мабільныя тэлефоны і захоўваць цішыню. Ва ўмовах складанай эпідэміялагічнай сітуацыі настойліва рэкамендуецца выкарыстоўваць індывідуальныя ахоўныя і дэзінфекцыйныя сродкі, а таксама захоўваць сацыяльную дыстанцыю.
Старшыня ККББ просіць святароў паклапаціцца пра тое, каб усе, хто наведвае касцёлы і капліцы, з пашанаю адносіліся да сакральнага характару месцаў культу.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звяртаецца таксама да ўсіх, хто наведвае касцёлы ў турыстычных мэтах:
«Дарагія браты і сёстры, мы радуемся, што вы падчас летніх адпачынкаў прыходзіце ў нашыя святыні: велічныя катэдры і сціплыя вясковыя касцёлы. Аглядаючы прыгажосць архітэктуры, абразоў і скульптур, памятайце, што кожны касцёл і капліца — гэта перадусім Дом Божы і месца Божага культу.
Кожны раз, калі вашыя паводзіны або знешні выгляд не адпавядаюць сакральнаму характару гэтых святых месцаў, Езус Хрыстус звяртаецца да нас з заўвагай, як некалі да сваіх суайчыннікаў у Ерузалемскай святыні: „Не рабіце дом Айца Майго домам гандлю“ (Ян 2, 16).
Жадаю вам прыемных уражанняў, і няхай у цішыні Божага Дома вашыя душы ўзвысяцца і напоўняцца дабром і хараством, крыніцай якіх з’яўляецца Творца ўсяго існага — Бог».
Фота: hrodna.life