21 чэрвеня ў гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка) а. Юзаф Гэнза CSsR цэлебраваў Імшу падзякі з нагоды 50-годдзя святарства разам з сабратамі са сваёй манаскай супольнасці.
На Эўхарыстыі сабраліся вернікі гэтай парафіі, дзе а. Гэнза служыць ужо шмат гадоў. Яны хацелі выказаць удзячнасць за ўсё дабро, якое атрымалі за час яго прысутнасці сярод іх.
Гамілію прамовіў настаяцель супольнасці айцоў рэдэмптарыстаў у Гродне а. Анджэй Ядкоўскі CSsR. Ён прыгадаў жыццёвы шлях юбіляра, які звязаны з парафіяй Найсвяцейшага Адкупіцеля з ліпеня 1997 г.
На заканчэнне Эўхарыстыі вернікі выказалі святару віншаванні. Яны пажадалі яму найперш здароўя на доўгія гады, а таксама працягу такога актыўнага служэння сярод іх.
Айцец Юзаф Гэнза нарадзіўся 11 мая 1943 г. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў 21 чэрвеня 1970 г. у Тухаве (Польшча) з рук біскупа Ежы Аблевіча.
У ліпені 1997 г. прыбыў у Гродна. Між іншым быў рэктарам гродзенскага касцёла Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкі) і капеланам Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі) у Гродне. Таксама быў пробашчам і настаяцелем манаскай супольнасці пры парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне, дзе сёння служыць як вікарый.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Галіна Валюшка