З прычыны пандэміі многія з запланаваных з нагоды 100-годдзя з дня нараджэння святога Яна Паўла ІІ ўрачыстых мерапрыемстваў былі адменены або перанесены на пазнейшы час. У сувязі з гэтым Пастаянная рада Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі кіруе адмысловы зварот да вернікаў Беларусі.
Зварот Пастаяннай Рады Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Паважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры,
18 мая 2020 года спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння святога Яна Паўла ІІ. Гэты юбілей мы планавалі ўзбагаціць агульнабеларускай пілігрымкай у Рым, каб маліцца перад рэліквіямі Вялікага Папы, які моцна любіў Беларусь, адрадзіў структуры Каталіцкага Касцёла ў нашай Бацькаўшчыне і духоўна яе падтрымліваў.
Па незалежных ад нас прычынах, выкліканых пандэміяй каранавірусу, пілігрымка пераносіцца на пазнейшы і больш адпаведны час. Аднак гэта не азначае, што іншым чынам мы не можам годна адзначыць гэты юбілей. Некаторыя парафіі ўжо правялі ці праводзяць адмысловыя мерапрыемствы, конкурсы і да т.п.
Пастаянная Рада Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі звяртаецца да ўсіх парафій і манаскіх супольнасцяў з прапановаю ў Шостую Велікодную нядзелю 17 мая або 18 мая адзначыць юбілей 100-годдзя з дня нараджэння святога Яна Паўла ІІ і правесці адмысловыя набажэнствы падзякі Богу за Папу, дадзенага ў адпаведны час Божым Провідам.
Такім чынам беларускія католікі змогуць праявіць малітоўную салідарнасць з усім каталіцкім светам і з Папам Францішкам, які 18 мая будзе маліцца перад рэліквіямі святога Яна Паўла ІІ у ватыканскай базыліцы святога Пятра.
Юбілей 100-годдзя з дня нараджэння Яна Паўла ІІ таксама з’яўляецца добрай нагодай узгадаць і лепш пазнаць яго вучэнне, сведчанне жыцця, мастацкую творчасць і ўдзел у дабрачыннасці, такой патрэбнай у час выпрабавання эпідэміяй каранавірусу.
Усіх удзельнікаў юбілейных мерапрыемстваў, якія будуць маліцца ў гэты дзень у нашых касцёлах ці духоўна далучацца з дапамогаю сродкаў масавай камунікацыі, ад усяго сэрца благаслаўляем у імя Айца, + і Сына, + і Духа Святога.
Пастаянная Рада Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
Мінск, 5 мая 2020 г.