3 мая вернікі парафіі святых Анёлаў Ахоўнікаў у Раготне (Дзятлаўскі дэканат) падзякавалі свайму пробашчу кс. Віктару Захарэўскаму за служэннe ў парафіі.
Ксёндз Захарэўскі быў пробашчам гэтай парафіі з 2013 года. Рашэннем біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча ён прызначаны пробашчам парафіі св. Юрыя ў Варнянах (Астравецкі дэканат).
На ўрачыстай Імшы ў касцёле сабраліся парафіяне, якія праз малітву захацелі выказаць удзячнасць свайму душпастыру, які за гэтыя сем гадоў зрабіў так шмат для іх парафіі і для саміх вернікаў.
Дзякуючы яго старанням былі адноўлены святыня і плябанія, а сам пробашч стаў сапраўдным айцом кожнай сям’і ў парафіі. Ён ведаў усіх па імені, а парафіяне заўсёды маглі знайсці ў яго падтрымку і атрымаць канкрэтную параду.
Ксёндз Віктар цэлебраваў Эўхарыстыю ў інтэнцыі ўсіх сваіх парафіян, дзякуючы Богу за дар сустрэчы з гэтымі людзьмі і магчымасць быць сярод іх на працягу апошніх гадоў.
Звяртаючыся да вернікаў, святар падзякаваў ім за ахвярнасць, вернасць Хрысту і вялікі клопат аб Касцёле. Ён паабяцаў заўсёды памятаць у малітве пра ўсіх людзей, якіх сустрэў у гэтай парафіі, і падкрэсліў, што ў яго сэрцы яны застануцца назаўсёды.
Вернікі ў гэты дзень не хавалі слёз і ўзрушанасці. Яны падкрэслівалі, што сустрэча з гэтым святаром была для іх парафіяльнай супольнасці сапраўдным Божым благаслаўленнем. За гэтыя гады яны адчулі сябе ўмацаванымі ў веры і заўсёды мелі вялікае жаданне прыходзіць у святыню на малітву.
Парафіяне абяцалі заўсёды памятаць пра святара ў сваіх малітвах, пажадаўшы, каб у новай парафіі Бог ставіў на яго шляху толькі добрых людзей, якія будуць гарнуцца да Касцёла і хацець супольна клапаціцца аб святыні.
Ксёндз Віктар Захарэўскі акрамя таго, што быў пробашчам парафіі ў Раготне, быў таксама адміністратарам парафій Найсвяцейшай Тройцы ў Стараельні i Божага Цела ў Дварцы (Дзятлаўскі дэканат). У гэтых супольнасцях у адрас душпастыра таксама былі выказаны цёплыя словы ўдзячнасці і запэўніванне ў далейшай малітве.
Кс. Юрый Марціновіч