Сёння свет перажывае вельмі сумныя часы, якія звязаны з распаўсюджваннем інфекцыі СOVID-19. У сувязі з гэтым ва ўсім свеце арганізоўваюцца малітвы, праводзяцца набажэнствы ў інтэнцыі спынення пандэміі.
Амаль з пачатку ўспышкі вірусу ў Беларусі навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне штодзённа пачалі збірацца разам на сумесную малітву Ружанца. Кожны вечар а 21-й гадзіне ў семінарыйнай капліцы збіраюцца семінарысты і выхавацелі, каб праз заступніцтва Багародзіцы прасіць у Бога патрэбныя ласкі на гэты складаны для ўсяго чалавецтва перыяд.
У сваіх малітвах будучыя святары помняць пра лекараў і ўсіх медыцынскіх працаўнікоў; вучоных, якія шукаюць метады барацьбы з вірусам, а таксама пра ахвяраў пандэміі. Асаблівай малітоўнай апекай ахінуты тыя, хто ўжо захварэў. Вельмі важна, каб гэтыя людзі не гублялі надзеі і свае цярпенні злучалі з цярпеннямі Езуса Хрыста, бо кожнае цярпенне з Езусам не можа быць дарэмным. Божаму Провіду семінарысты давяраюць увесь свет, паглынуты панікай – менавіта гэтае пачуццё перашкаджае людзям даверыцца Божай дабрыні і любові.
Акрамя ружанцовай малітвы, падчас кожнай святой Імшы будучыя святары моляцца аб спыненні пандэміі ў нашай краіне і ва ўсім свеце.
Падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту сумесна спяваюцца суплікацыі “Святы Божа” і штодзённа пасля абеду семінарысты моляцца праз заступніцтва св. Роха, просячы выбаўлення ад каранавірусу і палёгкі для ўсіх хворых.
У гэты складаны для ўсяго свету час кожнаму чалавеку, як хвораму, так і здароваму, важна ўсведамляць, што ён не пакінуты і не адкінуты супольнасцю. Людзі сталі як ніколі салідарныя адзін з адным у справе барацьбы з новым вірусам.
Касцёл стараецца ўсімі сіламі данесці свету, што ніхто не застаецца сам-насам з гэтай праблемай: кожны чалавек ахінуты малітоўнай падтрымкай. І ў першую чаргу мы, хрысціяне, павінны памятаць аб тым, што наш Пан Езус Хрыстус заўсёды побач з намі, і таму з верай і надзеяй прасіць аб патрэбных ласках для кожнага з нас на складаны перыяд пандэміі.
Aндрэй Юхнік
Фота: Павел Леановіч