Skip to main content

Вялікдзень у лідскай Фары: свята не мінулага, а будучыні

lida pasha 31Набажэнствы святога Пасхальнага Трыдууму на чале з пробашчам кс. канонікам Уладзімірам Гуляем адбыліся ў лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Фара).

На працягу трох дзён вернікі парафіі разважалі над апошнімі днямі жыцця Езуса, Яго шляхам на Галгофу, укрыжаваннем, смерцю і змёртвыхпаўстаннем.

Кожны дзень пасля літургіі можна было застацца каля цямніцы ці гробу і памаліцца, адараваць Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.

Згодна з распаражэннем Старшыні ККББ ад 13 сакавіка адарацыя крыжа ў Вялікую пятніцу прайшла без цалавання крыжа. Пробашч пранёс крыж па касцёле, спыняючыся перад людзьмі. Такім чынам усе прысутныя маглі, углядаючыся ў крыж, падзякаваць за свае асабістыя штодзённыя крыжы і папрасіць аб вытрымцы ў дарозе на сваю Кальварыю.

Распачатая ў Вялікую суботу адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту працягвалася ўсю ноч. Традыцыйнага малітоўнага чування моладзі не было, але ўсю ноч маладыя людзі прыходзілі да Езуса, каб ушанаваць Яго, выказаць падзяку і свае клопаты.

Скончыўся Трыдуум рэзурэкцыйнай працэсіяй і святой Імшой, падчас якой пробашч кс. канонік Уладзімір Гуляй звярнуўся да вернікаў: “Мінулае нельга вярнуць, нельга павярнуць гадзіннік нашага жыцця назад. Гэтую праўду вельмі добра зразумела Марыя Магдалена ў велікодную раніцу. Яна не хацела нічога іншага, як толькі вярнуцца ў былыя часы, каб адчуваць сябе так, як быццам ніколі не было трагедыі”.

lida pasha 46

Святар адзначыў, што Пасха, якую мы святкуем ва ўспамін Уваскрасення Хрыста, з’яўляецца святам не мінулага, а будучыні. Вялікдзень абвяшчае нам праўду аб тым, што будучыня мае сэнс, бо ёй валодае ўваскрослы Хрыстус.

На заканчэнне Імшы пробашч падзякаваў тым, хто далучыўся да арганізацыі ўрачыстасцяў, і павіншаваў усіх са святам Змёртвыхпаўстання Хрыста, пажадаўшы радаснага святкавання і надзеі на шчаслівую будучыню.

Колькасць прысутных у святыні вернікаў была значна меншай, чым звычайна. Але ўсе парафіяне маглі ўдзельнічаць ў набажэнствах Трыдууму праз Instagram і YouTube. Кожны дзень агульная лічба “анлайн-вернікаў” была блізкай да 1000.

Яна Чайкo