Вечарам у Вялікую суботу, 11 красавіка, у парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Фара) адбылася ўрачыстая літургія Пасхальнай вігіліі. Узначаліў яе Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.
Літургія пачалася абрадам святла, падчас якога быў благаслаўлёны агонь і ад яго запалены пасхал. Пасля радаснага спеву “Exultet!” (“Радуйцеся!”), які абвясціў аб вызваленні чалавецтва з рабства граху і смерці, пачалася другая частка – літургія слова.
У гаміліі біскуп адзначыў, што факт уваскрасення Езуса Хрыста нялёгкі для ўяўлення, таму хрысціянская вера ва ўваскрасенне сутыкалася з самага пачатку з неразуменнем. Іерарх дадаў, што разуменне праўды аб уваскрасенні становіцца магчымым для чалавека найперш праз веру і святы хрост, які з’яўляецца адраджэннем да новага жыцця. “Праз хрост мы пахаваныя разам з Ім у смерць, каб, як Хрыстус уваскрос дзеля славы Айца, так і мы маглі аднавіць сваё жыццё”, – сказаў біскуп.
Іерарх адзначыў, што ў час сусветнай пандэміі каранавірусу, калі ўсё чалавецтва вядзе барацьбу з хваробай, Уваскрослы Езус прыходзіць да ўсяго чалавецтва і, як калісьці да ўстрывожаных апосталаў, скіроўвае тыя ж самыя словы: “Супакой вам”.
“Езус звяртаецца да нас з заклікам: “Не бойся, малы статак, бо Богу спадабалася даць вам Валадарства””, – сказаў Генеральны вікарый дыяцэзіі.
Як заўважыў дапаможны біскуп, у сёлетнія святы трэба абудзіць у сабе вялікае жаданне неба, бо “мы пакліканы да жыцця ў небе і таму шукаем таго, што ў вышынях, і сумуем па небе”.
Ён падкрэсліў, што Уваскрослы Пан напоўніў сэрцы сваіх вучняў моцай з вышыняў, каб яны адважна абвяшчалі Яго пасланне. Іерарх заахвоціў адкрыцца на прыходзячага Пераможцу, які здольны ўліць у сэрцы жаданыя мір і надзею.
Таму біскуп заклікаў шукаць Хрыста, каб смерць не паклала канец нашай чалавечай надзеі.
Падчас літургіі хросту адбылося благаслаўленне хрысцільнай вады і аднаўленне абяцанняў хросту. Прысутныя вернікі ўзгадалі ў гэты час свой уласны хрост, яшчэ раз выракліся зла і вызналі веру ў Бога.
На заканчэнне біскуп Юзаф Станеўскі пажадаў усім радасных святаў, каб у кожным сэрцы заззяла надзея, якая дазволіць ісці далей і рэалізоўваць сваё пакліканне.
Kс. Юрый Марціновіч