У пятніцу 27 сакавіка а 18-й гадзіне (у 20.00 па мінскім часе) Папа Францішак узначаліць у двары ватыканскай базылікі святога Пятра асаблівае набажэнства аб выбаўленні ад каранавірусу.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, набажэнства на пустой плошчы, без удзелу людзей, будзе складацца з чытання Божага слова, малітоўных просьбаў і адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту.
На заканчэнне малітвы Святы Айцец удзеліць надзвычайнае благаслаўленне Urbi et orbi («Гораду і свету») з магчымасцю атрымаць поўны адпуст.
"Ужо сёння запрашаю ўсіх духоўна прыняць у ёй удзел праз сродкі масавай інфармацыі. Выслухаем Слова Божае, узнясем нашы просьбы, памолімся перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, якім напрыканцы я ўдзялю благаслаўленне Urbi et Orbi, падчас якога будзе магчыма атрымаць поўны адпуст.
На пандэмію вірусу мы хочам адказаць усеагульнай малітвай спачування і пяшчоты. Будзем аб’яднанымі. Пакажам нашу блізкасць да самотных і тых людзей, якія перажываюць найбольшае выпрабаванне", – заахвоціў Пантыфік.
Жаданнем Святога Айца з’яўляецца тое, каб як мага большая колькасць вернікаў далучылася да малітвы з дапамогаю прамой трансляцыі па тэлебачанні і анлайн.