Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч даручыў нашу краіну і яе народ Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі.
Aдмысловы Акт прысвячэння іерарх прачытаў падчас выстаўлення Найсявцейшага Сакрамэнту 25 сакавіка ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкі) у Гродне, які ў гэты дзень перажываў сваю адпустовую ўрачыстасць.
На малітве сабраліся святары, сёстры законныя з Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, якая шмат гадоў апякуецца святыняй, і жыхары горада.
Апоўдні ўсе прысутныя з’ядналіся ў малітве словамі, якім навучыў Пан Езус Хрыстус, прамовіўшы разам “Ойча наш”. Затым біскуп удзяліў благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам прысутным вернікам і ўсёй Беларусі, благаслаўляючы на чатыры бакі свету.
Пасля адбылася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп, просячы аб далучэнні да малітвы ў інтэнцыі спынення эпідэміі, у інтэнцыі хворых, медыцынскіх і санітарных службаў, памерлых і іх сем’яў.
Адначасова іерарх падкрэсліў, што час рэальнай пагрозы жыццю, які перажываецца зараз, мабілізуе да пошуку спосабаў захавання жыцця, а таксама пабуджае да ўзаемнай малітвы.
З нагоды Дня святасці жыцця, які адзначаецца 25 сакавіка, біскуп пажадаў, каб наша ўзіранне ў святасць жыцця перараджалася ў канкрэтныя дзеянні, якія служаць абароне жыцця нашых бліжніх і нас саміх.
На заканчэнне ўрачыстасці рэктар касцёла кс. канонік Антоні Грэмза падзякаваў усім за прыбыццё і за супольную малітву.
Кс. Юрый Марціновіч