19 сакавіка, ва ўрачыстасць св. Юзафа, на святой Імшы ўвечары ў капліцы парафіі Святога Духа ў гродзенскім мікрараёне Альшанка прысутнічала вялікая колькасць мужчын. Пасля супольнай Эўхарыстыі ўжо другі год запар адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якога мужчыны разам памаліліся Ружанец.
Сёлета ўдзельнікаў было нашмат больш, чым у мінулым годзе. На Ружанцы сабраліся члены супольнасцяў св. Юзафа ў Гродне і мужчыны з маладой парафіі ў Альшанцы. Разважанні былі падрыхтаваны самімі ўдзельнікамі і прысвечаны таму, як знайсці сваё месца побач з Езусам на ўзор святога Юзафа. Падчас разважанняў над Таямніцамі святла прысутныя прасілі Бога праз заступніцтва Панны Марыі аб патрэбных ласках, каб быць праўдзівымі і веруючымі мужчынамі ў сучасным свеце.
Пробашч парафіі кс. Павел Салабуда адзначыў: “Вельмі важны добры прыклад у сённяшнім свеце. Святы Юзаф даваў такі прыклад. Няхай кожны з вас з ружанцам у руках дае такі прыклад сваім блізкім. Наша краіна мае патрэбу ў веруючых і адказных мужчынах”.
На заканчэнне малітоўнай сустрэчы адбылася кароткая размова, на якой усе ўдзельнікі выступілі з ініцыятывай, каб у наступным годзе “мужчынскі” Ружанец прайшоў на вуліцах Гродна.