Skip to main content

У Гродне з’явіцца скульптура святога Губерта

Sw Hubert KossakМяркуецца, што ў Гродне з’явіцца скульптура святога Губерта. Помнік апекуна паляўнічых і леснікоў плануецца ўсталяваць каля Дома прафсаюзаў, на тым жа месцы, дзе раней стаяў помнік турысту.

Эскізны праект кампазіцыі ўжо гатовы, паведамляе grodnoplustv.by.

Чакаецца, што помнік, агульная вышыня якога каля трох з паловай метра, будзе выраблены з граніту і бронзы адным з гродзенскіх скульптараў. Вышыня пастамента складзе два з паловай метра, фігура святога Губерта – 1 метр.

Усе элементы праекту пакуль на паперы. Далей слова за мастацка-экспертнай радай, пасяджэнне якой адбудзецца ў Гродне ў найбліжэйшы час.

Алень святога Губерта з’яўляецца адным з сімвалаў горада над Нёманам. Яго вобраз размяшчаецца на гербе Гродна.