Skip to main content

Сакрамэнту пакаяння і паяднання было прысвечана чуванне моладзі ў Гродне

czuwanne wpost 4414 сакавіка ў касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкі) у Гродне адбылося малітоўнае чуванне. Сустрэчу, якая ўжо стала традыцыяй, арганізавала душпастырства моладзі “OPEN” Гродзенскай дыяцэзіі.

Моладзь з гродзенскіх парафій сабралася разам, каб паразважаць над сакрамэнтам пакаяння і паяднання і ўсімі якасцямі, патрэбнымі для добрай споведзі. Менавіта гэта і стала тэмай сёлетняга велікапоснага чування.

Да малітоўнай сустрэчы далучыліся навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Чуванне распачалося святой Імшой, якую цэлебраваў Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі. На пачатку Эўхарыстыі іерарх звярнуў увагу на апошнія падзеі ў свеце і заахвоціў моладзь аддаць свае турботы, перажыванні і страх Езусу Хрысту і даверыцца Пану Богу.

Таксама біскуп звярнуўся да моладзі ў гаміліі. Ён падкрэсліў, што ўсе мы разам павінны ісці да лекара чалавечых душаў, якім з’яўляецца Езус Хрыстус. Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі заўважыў, што асабліва ў Вялікі пост трэба крочыць за Езусам Хрыстом.

czuwanne wpost 41

“Вельмі важна, каб нашы адносіны з Богам мы будавалі на дыялогу, каб з Ім размаўлялі і за Ім ішлі”, – адзначыў іерарх.

Пасля Імшы моладзь з некаторых парафій, а таксама семінарысты прадставілі ўсім прысутным свае разважанні па розных аспектах і якасцях сакрамэнту пакаяння.

Апошнім пунктам чування стала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту – час сустрэчы з жывым Хрыстом, калі кожны мог звярнуцца да Езуса, выказаць свае хваляванні, падзяліцца радасцю і горам, а таксама даверыцца адзінаму Пану нашага жыцця.

Падчас адарацыі моладзь магла прыступіць да споведзі, якой было прысвечана шмат разважанняў у межах гэтага чування.

Aндрэй Юхнік

Фота: Віталій Гурэц