Праект “творчая субота” дзейнічае пры маладой парафіі Святога Духа ў Гродне (Альшанка) другі год і карыстаецца папулярнасцю.
Як адзначае пробашч парафіі кс. канонік Павел Салабуда, праект стаў магчымым дзякуючы стварэнню “святліцы” на тэрыторыі парафіі.
“Дзякуючы дабрачыннаму таварыству “Caritas” Гродзенскай дыяцэзіі і фундатарам з Польшчы было заснавана месца сустрэч для дзяцей нашага мікрараёна. Кожную суботу дзеці могуць прыйсці ў “святліцу”, каб прыняць удзел у розных акцыях, якія арганізуюцца нашымі валанцёрамі і сёстрамі законнымі. Дзверы адчынены для дзяцей усіх веравызнанняў. Гэта месца супольных забаваў, але таксама сустрэчы, малітвы і вучобы”, – кажа святар.
У апошнюю суботу лютага дзецям было прапанавана навучыцца гатаваць некаторыя стравы. Варта адзначыць, што сярод удзельнікаў былі і хлопчыкі. Мэта такіх сустрэч – навучыць дзяцей таму, што можа быць для іх карысным у будучыні, у дарослым жыцці. У наступныя суботы плануюцца курсы малявання, а таксама ігры на гітары.
Парафія Святога Духа ахоплівае новы гродзенскі мікрараён Альшанка, дзе пражывае больш за 10 тыс. дзяцей. “Святліцу” на працягу тыдня наведвае больш за 600 дзяцей.