26 лютага, у Папяльцовую сераду, якая распачынае час Вялікага посту ў Каталіцкім Касцёле, святую Імшу апоўдні ў катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У Эўхарыстыі ўдзельнічаў дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
Біскуп Аляксандр падкрэсліў, што перыяд Вялікага посту павінен быць для кожнага чалавека часам аднаўлення жыцця і навяртання да Бога. Для таго ж, каб гэта магло здзейсніцца, трэба распачаць працу над сабой, пазбавіцца грахоў і імкнуцца жыць паводле Божых запаведзяў.
Біскуп нагадаў, што ў якасці шляху да навяртання Касцёл указвае ўчынкі пакаяння, якімі з’яўляюцца пост, малітва, міласціна.
Падчас Імшы адбыўся абрад пасыпання попелам галоваў вернікаў. Гэты красамоўны абрад нагадвае аб неабходнасці пакаяння і навяртання ў нашым хрысціянскім жыцці.
Веруючаму чалавеку попел нагадвае вобраз стварэння, а таксама граху. Чалавек, створаны на вобраз і падабенства Божае, быў прызначаны да жыцця. Аднак грэх прывёў да таго, што тое, што было створана з праху і зямлі, павінна ператварыцца ў попел.
Чалавечая прырода, скажоная і знішчаная па прычыне граху, павінна быць пераменена. Пасыпанне галавы попелам дапамагае чалавеку ўсвядоміць праўду пра свой грэх, які вядзе да смерці. Прымаючы пакаянне, ён адкрываецца на Бога і жыццё, якое Пан дае. Праз пакаянне чалавек знаходзіць жыццё і несмяротнасць.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Ангеліна Марцішэўская