У Смаргонскім раёне распачаты сумесны праект па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў сярод дзяцей і падлеткаў. Вырашана разам з працаўнікамі сфер культуры, адукацыі, медыцыны, праваахоўных органаў, святарамі i іншымі службамі прыкласці супольныя намаганні, каб дасягнуць лепшых вынікаў.
Як паведамляе shliah.by, у вішнеўскім Доме культуры за круглым сталом сабраліся аператыўны ўпаўнаважаны групы наркакантролю РАУС, урач-нарколаг, прадстаўнікі раённага і вішнеўскага аддзелаў культуры, сельвыканкама, мясцовай гаспадаркі, амбулаторыі, школы, бібліятэкі, пробашч парафіі св. Юды Тадэвуша ў Вішневе кс. Антоні Казлоўскі.
У імправізаванай зале сабраліся вучні і бацькі некаторых з іх, якія ў гэты час былі вольныя ад працы.
Тэмай гутаркі была наркаманія і алкагалізм. Дарослыя распавядалі аб тым, як шкодзяць здароўю ўжыванне наркотыкаў і алкагольных напояў, што гэта бяда не толькі для людзей, якія апынуліся ў палоне дрэнных звычак, але і для іх родных і блізкіх, а таксама пагроза для будучых пакаленняў. Слова было дадзена і бацькам.
У фае размясцілі адпаведную наглядную агітацыю. У дзяцей цікавіліся, як яны ставяцца да ўжывання наркотыкаў, алкаголю, чаму аддаюць перавагу ў сваім жыцці. Хлопчыкі і дзяўчынкі адказвалі, што іх захапляе спорт, удзел у розных гуртках, а таксама што яны прыхільнікі сямейных каштоўнасцяў.
Каб пазбегнуць манатоннасці ў сустрэчы, у перапынку паміж выступленнямі адказных службовых асобаў гучалі песенныя нумары ў выкананні работніцы раённага Цэнтра культуры.
Такія прафілактычныя мерапрыемствы будуць праводзіцца на працягу года ў розных фарматах.