9 лютага ў Дзятлаўскім цэнтры культуры і народнай творчасці прайшоў канцэрт памяці святога Яна Боско, апекуна моладзі, і святога Яна Паўла ІІ, якому прысвечаны бягучы душпастырскі год у Каталіцкім Касцёле ў Беларусі з нагоды 100-годдзя яго нараджэння.
Як паведамляе сайт diatlovonews.by, мерапрыемства падрыхтавалі дзеці і моладзь дзятлаўскай парафіі і музычны гурт “Боско-бэнд” з парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Мінску.
Усіх прысутных прывітаў пробашч дзятлаўскай парафіі кс. Здзіслаў Пікула SDB. Ён адзначыў, што Святы Айцец Ян Павел ІІ, які прысвяціў жыццё перш за ўсё служэнню Богу, служыў чалавецтву, спрабаваў на ўласным прыкладзе паказаць, што ўсе мы браты і сёстры на гэтай планеце і можам дараваць памылкі адзін аднаму, дапамагаць і падтрымліваць, праяўляць дабро і міласэрнасць. Таксама святар заклікаў не баяцца выпрабаванняў і цяжкасцяў, якія так часта сустракае чалавек.
На сцэне гучалі вершы, песні, прадстаўляліся інсцэніроўкі, творчыя і музычныя нумары, якія гледачам падарылі дзеці і моладзь дзятлаўскай парафіі.
Сустрэчу працягнуў музычны гурт “Боско-бэнд”, які прысвяціў свае песні святому Яну Боско і Божаму Нараджэнню. У час канцэрту гледачы мелі магчымасць паўдзельнічаць у конкурсе і атрымаць падарункі.