1-2 лютага ў гродзенскай катэдры св. Францішка Ксаверыя адбыўся карнавал для дзяцей, якiя ходзяць на катэхезу.
Гэта быў час радасцi, танцаў, шуму i смеху. Больш за 320 дзяцей разам з бацькамi мелі магчымасць праслаўляць Бога, ахвяруючы гэты час сваiм братам і сёстрам у Хрысце, а бацькі – сваім дзецям.
Хто такi хрыcцiянiн? Карацей за ўсё можна было б адказаць, што гэта той, хто ўсiм сваiм жыццём, кожным дзеяннем, кожнай думкай i словам прагне пакланяцца Богу. Бог жадае, каб наша разуменне таго, каб быць вучнем Хрыста, не абмяжоўвалася толькi катэхезай, формальнай малiтвай цi святой Імшой. Ён жадае ахвяры нашага жыцця, што б мы ні рабiлi… Праца, сям’я, служэнне, адпачынак – усё на хвалу Пана.
Таксама 2 лютага ў Касцёле адзначаўся Дзень кансэкраванага жыцця.
З гэтай нагоды ўдзельнікі карнавалу выказалі віншаванні с. Марленe, якая аддана служыць дзецям у катэдральнай парафіі. Варта таксама нагадаць, што ў нейкiм сэнсе кожны хрысцiянiн, у тым лiку свецкi, паклiканы да кансэкраванага жыцця – жыцця, ахвяраванага Богу.