4 лютага ў будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшла пастырская сустрэча святароў, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі.
Падчас сустрэчы святары выслухалі канферэнцыю, з якой выступіў кс. прэлат Андрэй Стэцкевіч з Мінска. Святар на прыкладзе прапаведніка Папскага дома а. Раньеро Канталамесы OFMCap шукаў адказы на душпастырскія патрэбы, а асабліва звязаныя з новай евангелізацыяй.
Ксёндз Стэцкевіч адзначыў, што зыходным пунктам новай евангелізацыі з’яўляецца не дзідахэ, а керыгма.
Тут ідзе гаворка не пра навучанне маральнасці ці выхоўванне цнотаў, а пра абвяшчэнне Хрыста памерлага і ўваскрослага. Найперш трэба прывесці чалавека да асабістай сувязі з Хрыстом, а толькі потым можна ўскласці на яго плечы абавязкі, якія вынікаюць з веры.
Як заўважыў ксёндз прэлат, калі сёння святары пачнуць абвяшчэнне з маральных абавязкаў, людзі гэтага не прымуць.
Гэта не азначае, безумоўна, што трэба пакінуць катэхезу, выкладанне этыкі, дактрыны ці фармацыю. Аднак трэба ва ўсім гэтым найперш вярнуць належнае месца Хрысту.
Па словах святара, у абвяшчэнні Добрай Навіны павінна быць перш за ўсё моцнае акцэнтаванне дзеяння, накіраванага на прывядзенне слухача да асабістай сувязі з Хрыстом. Гэта менавіта пачатак новай евангелізацыі.
Таксама на сустрэчы быў час на адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, індывідуальную і супольную, калі сабраныя даручалі Богу праз заступніцтва св. Яна Паўла ІІ усю Гродзенскую дыяцэзію і ўсіх, хто яе ўтварае.
Цэнтральным пунктам была святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх заахвоціў да асаблівай малітвы за кс. прэлата Ежы Лявінскага, які ў студзені адзначаў сваё 90-годдзе.
На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп выказаў юбіляру віншаванні і словы ўдзячнасці за шматгадовае служэнне ў семінарыі ў Гродне.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Валянцін Міхайлін