31 студзеня – асаблівая дата для салезіянскай сям’і ўсяго свету, бо менавіта ў гэты дзень нарадзіўся для вечнага жыцця ў Небе св. Ян Боско. Парафія св. Міхала Арханёла ў Смаргоні пачала святкаванне напярэдадні ўрачыстасці набажэствам “Транзітус”. Вернікі перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам разважалі над апошнімі момантамі жыцця св. Яна Боско, яго словамі, настаўленнямі і ўчынкамі.
На наступны дзень уся салезіянская сям’я Смаргоні сабралася на ўрачыстую Святую Імшу, каб аддаць пашану свайму апекуну і заснавальніку св. Яну Боско. Падчас Эўхарыстыі салезіяне супрацоўнікі аднавілі свае абяцанні надалей жыць у еднасці і служэнні Богу і моладзі ў салезіянскай харызме. Таксама былі прыняты два новыя аніматары, а чатыры аніматары аднавілі абяцанні.
1 і 2 лютага у смаргонскім араторыі імя св. Яна Боско, які дзейнічае пры парафіі св. Міхала Арханёла, быў прастаўлены мюзікл аб жыцці і дзейнасці св. Яна Боско “Айцец і настаўнік”. Мюзікл стаў сапраўдным святам песні, танца і тэатра ў гонар любімага святога, падрыхтаваны пад кіраўніцтвам кс. Артура Ляшнеўскага SDB і с. Юліі Клевец FMA.
Праз спектакль арганізатары жадалі прыблізіць да гледачоў постаць св. Яна Боско. Падчас мюзікла святы паказваецца ў маладым узросце, у сярэдніх гадах і ў глыбокай старасці. Твор распачынаецца з апавядання пра жыццё сучаснай моладзі. Маладыя людзі баваць час пад мастом, куды да іх прыходзіць кс. Боско і распявадае ім пра сваё жыццё. Паступова апавяданне становіцца жывым тэатрам, у якім мы бачым малога Янка і вялебнага ксяндза Яна Боско. У канцы спектакля ксёндз Боско абвяшчае зацвярджэнне салезіянскага Таварыства Рымскім Папам. Скончваецца мюзікл словамі кс. Боско, які прызнаецца, што цяпер ён жыве ў сваіх салезіянах.
Мюзікл меў сапраўдны поспех – гледачы не толькі з захапленнем глядзелі на сцэну, але таксама не хавалі слёз і не стрымлівалі апладысментаў для акцёраў.
На свяце былі падведзены вынікі і адбылося ўзнагароджванне ўдзельнікаў і пераможцаў турніра па мікра-футболе III адкрытыга кубка салезіянскага араторыя імя св. Яна Боско, у якім прынялі ўдзел 9 каманд.
На працягу двух дзён свята ў араторыі праходзіла выстава малюнкаў “Сон з 9 год”, прысвечаная сну маленькага Яна Боско. Ацаніць малюнкі мог кожны прысутны. Па выніках галасавання былі выбраны пераможцы, якія атрымалі каштоўныя падарункі ад пробашча парафіі кс. Алега Жураўскага SDB.
Паводле sdb.by