2 лютага, у свята Ахвяравання Пана, Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліў святую Імшу ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
На літургіі сабраліся шматлікія жыхары горада. У гэты дзень асабліва маліліся за ўсіх асобаў кансэкраванага жыцця, якія прысвяцілі сябе Богу праз абяцанні евангельскіх цнотаў.
На пачатку іерарх благаславіў запаленыя грамніцы, якія вернікі прынеслі ў гэтае свята ў касцёл, а затым праз катэдру вырушыла працэсія.
У гаміліі біскуп падкрэсліў, што свята Ахвяравання Пана нагадвае пра ахвяраванне Езуса ў Ерузалемскай святыні і спаўненне старазапаветных прароцтваў аб прыйсці Месіі, а таксама ўказвае на Езуса Хрыста як адзінае і поўнае праўды Святло “для асвячэння язычнікаў і хвалу народа Ізраэля”.
Іерарх адзначыў, што ў гэты дзень у паўсюдным Касцёле адзначаецца таксама Сусветны дзень кансэкраванага жыцця, устаноўлены Папам Янам Паўлам ІІ. “Гэта такі дзень, каб зірнуць на прысвячэнне і ахвяру кансэкраваных асобаў, якія пакінулі зямное, прысвяціўшы сябе Пану Богу, каб абвяшчаць і сведчыць пра Хрыста Пана”, – дадаў біскуп.
Ён падкрэсліў, што трэба таксама ахвяраваць сваё жыццё Богу. Выразам гэтага ахвяравання, па яго словах, будзе паслухмянасць Божым запаведзям.
“Будзем паслухмянымі дзецьмі і не згасім веры ў нашых сэрцах”, – заклікаў іерарх.
Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі заахвоціў усіх да малітвы ў інтэнцыі кансэкраваных асобаў, якія ахвярна служаць у нашым мясцовым Касцёле ў парафіяльных супольнасцях.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Андрэй Юхнік