26 студзеня ў Сапоцкінскім культурна-гістарычным цэнтры адбыўся прагляд калядак і пастаралак. Гэтае свята прайшло ўжо ў 19-ы раз і сабрала шматлікіх вернікаў з Сапоцкінскага дэканата, гасцей з Гродна і ваколіц.
У свяце ўдзельнічалі таксама прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу ў асобе консула Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Гродне Анджэя Рачкоўскага і прадстаўнікі мясцовай улады ў асобе старшыні Сапоцкінскага сельскага выканаўчага камітэта Андрэя Садкоўскага.
Супольнае святкаванне нараджэння Божай Любові
Святочны канцэрт па традыцыі быў арганізаваны сапоцкінскай парафіяй Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча ў супрацоўніцтве з Сапоцкінскім культурна-гістарычным цэнтрам.
Удзельнікі і госці мелі магчымасць у чарговы раз выказаць праз спеў радасць ад таго, што Пан нарадзіўся, супольна праславіць Бога, які з любові да людзей стаўся чалавекам, і такім чынам радасна адсвяткаваць нараджэнне Божай Любові.
На сцэне выступілі ўсе пакаленні вернікаў. Спявалі дзеці і моладзь; выходзілі на сцэну цэлыя сем’і, а таксама старэйшае пакаленне. Усе яны жадалі данесці да шматлікіх слухачоў праўду пра Бога, які прыйшоў у свет ва ўбогай стаенцы, каб стаць адным з нас і прынесці свету і людзям збаўленне.
Для многіх удзельнікаў прагляду ўжо стала традыцыяй кожны год рыхтаваць новую калядку і выконваць яе на сцэне. Многія з вялікім нецярпеннем чакаюць гэтага дня, каб выйсці на сцэну і падзяліцца сваёй верай. Як адзначаюць яны самі, спеў калядак – гэта найперш дзяленне верай і спосабам яе перажывання.
“Спяваючы калядкі, мы дзелімся сваёй верай. Вера – найкаштоўнейшае, што чалавек можа атрымаць у дар ад сваіх бацькоў, блізкіх. Але гэтую веру трэба пастаянна развіваць”, –кажа Агнешка Лукуць, якая з маленства ўдзельнічае ў праглядзе калядак і, можна сказаць, расла разам з гэтым мерапрыемствам.
“Хоць я вучуся і працую, але стараюся кожны год падтрымліваць гэтую прыгожую традыцыю, удзельнічаю ў гэтым свяце музыкі, дзякуючы чаму, пераканана, мая вера развіваецца”, – дадае Агнешка.
Усім, хто выходзіць на сцэну, спадарожнічаюць страх і няўпэўненасць, але пасля першых хвілін спеву страх праходзіць і ўзнікае радасць. Так было і з Эвелінай Валюсь.
“Калі выйшла на сцэну і пачула музыку, цалкам аддалася Богу і спявала для Яго. Гэта былі незабыўныя хвіліны, якія надоўга застануцца ў маёй памяці і сэрцы”, – прызнаецца Эвеліна.
Рэната Станкевіч удзельнічае ў праглядзе калядак з трох гадоў і выступае разам з бацькам, маці і дзвюма сёстрамі. Яна адзначае, што гэты супольны спеў калядак яднае людзей, тады можна сапраўды адчуць вялікую сілу і моц усіх пакаленняў.
“Удзельнічаць у праглядзе калядак для мяне і маёй сям’і стала традыцыяй. Не ўяўляю, каб наша сям’я не прыняла ўдзел у гэтым цудоўным свяце”, – кажа Рэната.
Mузыка змяняе людзей, робіць прыгажэйшымі
Людміла Быкоўская, якая з ранніх гадоў удзельнічала ў праглядзе калядак, сёлета мела магчымасць быць вядучай гэтай музычнай імпрэзы. Яна падкрэслівае, што такія сустрэчы ўзбагачаюць людзей, чалавек пасля іх выходзіць іншы, лепшы, пераменены...
“Безумоўна, тыя, хто ўдзельнічаў у канцэрце, пакідалі Дом культуры, напоўненыя яшчэ большай любоўю да калядавання і ўзбагачаныя непаўторнымі духоўнымі, музычнымі і эстэтычнымі ўражаннямі”, – кажа Людміла.
Гэтае свята даўно выйшла за межы Сапоцкінскага дэканата, на сцэне спяваюць вернікі не толькі з яго, але і з іншых месцаў. Сёлета былі ўдзельнікі таксама з Гродна, Парэчча. Кожны год прыбываюць новыя гурты, новыя асобы, кожны ўносіць штосьці арыгінальнае і спрыяе таму, каб радаснае “Gloria” з большай моцай разыходзілася ўсё далей.
Удзельнікі вельмі ўдзячныя арганізатарам, якія прыкладаюць шмат старанняў, каб свята праходзіла штогод на ўсё больш высокім узроўні. У першую чаргу яны дзякуюць пробашчу кс. Антонію Абухоўскаму і сёстрам законным з супольнасці Дачок Маці Божай Балеснай (серафіткі) за час, які тыя прысвячаюць дзецям і моладзі.
Акрамя таго, дзеці і моладзь удзячныя кіраўніцтву Сапоцкінскага культурна-гістарычнага цэнтра i яго загадчыку Ганне Галубцовай, а таксама ўсім, хто далучыўся да супольнага калядавання падчас незабыўнага, дружнага, вясёлага і сапраўды сямейнага вечару каляднай песні.
Кс. Юрый Марціновіч