23 студзеня пры катэдры св. Міхала Арханёла ў Ломжы (Польшча) адбылося пахаванне біскупа Ломжынскай дыяцэзіі на пенсіі Станіслава Стэфанка TChr. Спачылы іерарх шмат дапамагаў Касцёлу ў Беларусі, калі быў біскупам Ломжынскім.
Урачыстую Імшу з удзелам больш за 30 біскупаў, 350 святароў, семінарыстаў, сясцёр і братоў законных, шматлікіх вернікаў узначаліў старшыня епіскапату Польшчы арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі.
У Імшы ўдзельнічаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, прагненнем якога было выказаць удзячнасць памерламу іерарху за ўсё дабро, якое ад яго атрымала Гродзенская дыяцэзія. У свой час у ёй служылі таксама святары з Ломжынскай дыяцэзіі, якія ўнеслі вялікі ўклад у адраджэнне нашага Касцёла.
Ксёндз прэлат Яраслаў Грынашкевіч, які зараз з’яўляецца пробашчам у Броку (Ломжынская дыяцэзія), быў ініцыятарам заснавання, а потым першым рэдактарам газеты Гродзенскай дыяцэзіі “Слова жыцця”, якая выдаецца і сёння.
Біскуп Станіслаў Стэфанэк быў шостым ардынарыем Ломжынскай дыяцэзіі і кіраваў ёю ў 1996-2011 гг. У мінулым годзе ён святкаваў юбілей 60-годдзя святарства. Іерарху было 84 гады.
У памяці вернікаў і супрацоўнікаў ён застаўся як чалавек цёплы і чулы да патрэбаў іншага. У сваім служэнні асаблівай апекай ён атачаў сем’і.
Кс. Юрый Марціновіч