Кс. прэлат Яраслаў Грынашкевіч стаяў ля вытокаў стварэння дыяцэзіяльнай газеты “Слова Жыцця”. Быў першым галоўным рэдактарам, які сабраў пад крыло пачатковы калектыў супрацоўнікоў. Менавіта ён сустрэўся з асноўнымі цяжкасцямі выдавецкай дзейнасці, але і быў тым, хто бачыў маленькія і вялікія перамогі закладзенай справы. Сёння кс. Яраслаў дае інтэрв’ю газеце “Слова Жыцця”, распавядаючы пра першы цёплы экземпляр і эвалюцыю, якую заўважае ў выданні.
– Як узнікла ідэя стварэння газеты ў дыяцэзіі? З чаго ўсё пачыналася?
– Можна сказаць, што каталіцкая газета Гродзенскай дыяцэзіі зарадзілася ў ваколіцах плошчы св. Пятра ў Рыме. Гэта было восенню 1994 года. Біскуп Аляксандр Кашкевіч у той час прымаў удзел у сінодзе біскупаў, а я завяршаў навучанне, што датычыла сродкаў масавай інфармацыі. Падчас адной з нашых сустрэч ксёндз біскуп прапанаваў мне прыехаць у Гродна і заняцца арганізацыяй рэдакцыі дыяцэзіяльнай газеты. Я з задавальненнем пагадзіўся.
– Памятаеце дэбют “Слова Жыцця”?
– Безумоўна! Я быў у друкарні, калі з ротарнай машыны сыходзіў першы нумар. Ён быў яшчэ цёплы, калі я з радасцю прынёс яго біскупу. Газета з’явілася акурат на свята св. каралевіча Казіміра, заступніка гродзенскага Касцёла.
На вокладцы першага нумара газеты змяшчаўся зварот біскупа Аляксандра Кашкевіча да дыяцэзіян.
У ім іерарх запрашаў паклапаціцца аб тым, каб выданне трывала абаснавалася ў дамах верных, “каб маглі ўзаемна радавацца знакам Божай прысутнасці сярод нас”. Разам з навінамі з дыяцэзіі і свету ў выданні змяшчаліся Біблійныя галаваломкі, правілы добрага тону, а таксама рэцэпт прыгатавання наліснікаў.
– Чаму была выбрана менавіта такая назва – “Слова Жыцця”?
– Назва выдання выбіралася ў ходзе дыскусіі ў коле групы, прызначанай ксяндзом біскупам. Калі не памыляюся, аўтарам гэтай ідэі быў кіраўнік выдавецтва Гродзенскай дыяцэзіі кс. Тадэвуш Крыштопік. “Слова” заўсёды было “ў пачатку”. Чаму “Жыцця”? Наша праца павінна была спадарожнічаць намаганням Касцёла, што вёў чалавека да паўнаты жыцця ў Богу. Людзі, да якіх мы звярталіся, прагнулі “Слова Жыцця”, якое дагэтуль было забаронена камуністычным рэжымам.
Дарэчы, кс. Тадэвуш быў бясцэнным на этапе арганізацыі газеты. Заўсёды дапамагаў, даваў парады. Першапачаткова менавіта выдавецтва дзялілася з рэдакцыяй месцам працы, камп’ютарамі. І заўсёды заставалася ў цесным супрацоўніцтве з калектывам “Слова Жыцця”. Напачатку рэдакцыя газеты знаходзілася ў зале пры гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя. Там штотыдзень папераменна працавалі калектывы “Слова Жыцця” і выдавецтва. Праз некалькі гадоў рэдакцыя была перанесена ў памяшканне курыі, дзе і знаходзіцца да гэтага дня.
– Якія цяжкасці даводзілася пераадольваць напачатку?
– У першую чаргу – фарміраванне калектыву. Трэба было, каб ён адпавядаў патрабаванням, што ставіў выдавец, г. зн. дыяцэзія, і рэалізаваў выразна акрэсленую мэту газеты. А разам з тым, роздум над тыражом і эфектыўным размеркаваннем выдання сярод чытачоў. Гэта праблемы ўсёй прэсы.
Не памятаю дакладнай лічбы, але мы вырашылі рызыкнуць з тыражом на рост попыту, каб “Слова Жыцця” дабралася да максімальна шырокай аўдыторыі католікаў. Затым, пасля праверкі рэальных патрэб, агульны тыраж стабілізаваўся на ўзроўні каля 12-ці тысяч экземпляраў польскай і беларускай версій.
Найбольшым тыражом выйшаў 3-ці нумар “Слова Жыцця”. Ён разышоўся па дыяцэзіі колькасцю 26 тысяч экземпляраў. Польскамоўная версія газеты раней пераважала над беларускамоўнай: адрознівалася па лічбавым паказчыку тыража прыкладна ў 1,5 разы. Сёння гэтая розніца выраўнялася. Агульны тыраж газеты – крыху больш за 9 тысяч экземпляраў.
– Калі цяпер пераглядаеце газету, што Вам найбольш падабаецца ў ёй?
– Цешыць не толькі змест, але і знешні выгляд сённяшняй газеты. У першую чаргу, жывая, “дынамічная” вёрстка. Калі мы распачыналі гэтую справу, маглі толькі марыць аб каляровых старонках. Сучаснае “Слова Жыцця” з упэўненасцю можна назваць больш сталым як адносна зместу, так і формы. Гэта вынік працы некалькіх чарговых рэдактараў і многіх людзей у складзе рэдакцыі. З моманту заснавання газета выдавалася ў чорна-белым варыянце з выкарыстаннем адной каляровай фарбы для першай і апошняй старонак. Выходзіла фарматам А4 на 12–16 палосах. З канца 2004 года “Слова Жыцця” змяніла фармат на А3 і колькасць старонак – на 8. У пачатку 2015 года газета перайшла на поўнакаляровы друк.
– На што б параілі звярнуць увагу?
– Прызнаюся, я трохі збянтэжаны пытаннем... Хоць і чытаю газету, мяне ўсё ж няма на месцы, і не ўдзельнічаю ў бягучым жыцці Касцёла на Гродзеншчыне, таму цяжка нешта параіць. Можа, варта было б для большай эфектыўнасці прыкладзеных намаганняў перайсці на форму штотыднёвіка? Памятаю, што гродзенскае “Слова” мы высылалі таксама ў некалькі месцаў па-за дыяцэзіяй. Невялікая змена профілю газеты, як мне здаецца, магла б дапамагчы выйсці на “шырэйшыя воды”.
Сёння газету “Слова Жыцця” чытаюць таксама ў Віцебскай і Пінскай дыяцэзіях, Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. “Слова” даходзіць і да чытачоў з Польшчы.
– Вашы пажаданні сённяшняму калектыву рэдакцыі і чытачам газеты.
– Жадаю таго, што з’яўляецца мэтай кожнай рэдакцыі: каб вынік працы калектыву трапляў да чытача і прыносіў чаканы плён. Каб “Слова Жыцця” ўсё больш уключалася ў апостальства Касцёла – было Словам, што эфектыўна прапануе і нясе Жыццё, па якім сумуе кожнае людское сэрца.
Усяго найлепшага рэдакцыі і ўсім чытачам!
Ангеліна Пакачайла