З 28 снежня па 1 студзеня ў Вроцлаве (Польшча) праходзіла 42-я Еўрапейская сустрэча моладзі, арганізаваная супольнасцю з Тэзэ. Спатканне сабрала больш за 20 тысяч маладых людзей з амаль 70-ці краін. Удзельнікі сустрэчы – гэта прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій: католікі, праваслаўныя, пратэстанты. Экуменічны характар з’езду дадае веры ў моц хрысціянскага духу ў свеце і дазваляе моладзі раздзяліць весялосць святочнага перыяду з аднадумцамі.
Штогадовая сустрэча Тэзэ напярэдадні Новага года – гэта насычаная праграма, якая напаўняе духоўна, інтэгруэ, дарыць новыя веды і проста цешыць.
Пра асноўныя складнікі сустрэчы распавядаюць яе удзельнікі з Гродзенскай дыяцэзіі.
Тэзэ – гэта натхняльная форма малітва
Ганна Прэдко
Малітва Тэзэ падаецца мне больш лёгкай, чым традыцыйная форма звароту да Бога. Яе няцяжка падхапіць. Нават калі не ведаеш слоў, тысячы галасоў, што спяваюць ва ўнісон, дапамагаюць далучыцца да супольнай малітвы. На Тэзэ прыязджае шмат розных людзей і цудоўна, што ўсіх нас аб’ядноўвае вера ў Езуса Хрыста і што мы знайшлі спосаб разам яе выказваць. Гэта нішчыць усе моўныя і культурныя бар’еры і дапамагае нам лепш пазнаць адзін аднаго.
Сёлета цікава было паслухаць пасланні ад брата Алоіза, які стаіць на чале супольнасці з Тэзэ. Кранулі ягоныя словы пра тое, што сутыкаючыся з цярпеннем, мы не трапляем у безвыхадную сітуацыю, але заўсёды можам скарыстаць з малітвы і знайсці дапамогу ў Бога. Аддаючы свае клопаты Хрысту, мы яднаемся з Ім і разам перажываем цяжкі перыяд.
Дарэчы, аднойчы мне давялося пазнаёміцца з адным з братоў з супольнасці – братам Бенуа. Ён прыязджаў у Гродна, наведваў мясцовае моладзевае душпастырства “Open”. Ад яго зыходзіла прастата і шчырая радасць, нягледзячы на стомленасць пасля шляху. Хіба ў гэтых двух рэчах і заключаецца духоўнасць Тэзэ.
Тэзэ – гэта пазнавальныя лекцыі, экскурсіі і сюрпрызы
Марта Марцішэўская
“Хто шукае праўду, шукае Бога, усведамляе ён гэта ці не”. Гэткую прывабную назву мела канферэнцыя на тэму філасофіі Эдзіт Штайн, у якой я прыняла ўдзел. І гэта быў трапны выбар!
Па-першае, я адкрыла веліч асобы Эдзіт Штайн. Калі ў двух словах: габрэйка, якая адчувала непаўнату веры ў сваёй рэлігіі. З гэтай прычыны перайшла на каталіцызм, дзе знайшла тое, чаго так доўга шукала... Праўду. Прыняла хрост, пасля - манаства, а ў канцы цалкам перадала сваё жыццё Хрысту, прымаючы смерць у канцэтрацыйным лагеры.
З яе біяграфіі таксама моцна кранула тое, што Эдзіт, яшчэ да таго, як скласці манаскія абяцанні, напісала ліст з вызнаннем сваіх пачуццяў да маладога чалавека, якога любіла. Бог пакінуў гэтую асобу ў жыцці манахіні, ператварыўшы яе палкасць у шчырае сяброўства.
Па-другое, падчас пошукаў праўды ў жыцці Эдзіт быў перыяд, калі яна адыходзіла ад супольнасці Касцёла, бо не адчувала яе там. Жанчына імкнулася знайсці праўду і любоў сярод сяброў, родных і проста незнаёмых людзей. Гэта дапамагло мне зразумець, што Хрыстос жыве не толькі ў Найсвяцейшым Сакраманце, але і ў людзях, што вакол нас. Безумоўна, сустрэча з Хрыстом у святыні - важная і патрэбная нам справа. Аднак часта Езус звяртаецца да нас праз сваякоў, знаёмых і нават ворагаў. І вельмі важна хаця б крыху прысвяціць сябе гэтым людзям.
І па-трэцяе – неспадзянка. У касцёле, дзе праходзіла канферэнцыя, каля фігурак Святой Сям’і стаялі жывыя жывёлы! Сапраўды! Дзве авечкі, дзве казы, дзве куры і два кролікі. Вось такая шопка!
Давялося паўдзельнічаць у экскурсіі па раёне, дзе нас размясцілі на часовае пражыванне. Усё падалося цікавым і незвычайным ячшэ калі на паперцы пісалі назвы вуліц, дзе будзем жыць. Цукровая, Міндальная, Карамельная, Бурачная, Агурковая і г. д.! Уся справа ў тым, што недалёк раней працаваў цукровы завод, выгадоўваліся буракі. А на вольным ад пабудоў кавалку зямлі мясцовыя жыхары цяпер пасадзілі міндальныя дрэвы. І стала зразумелым, адкуль з’явіліся такія незвычайныя назвы!
Цудоўна, што можна было таксама планаваць час самастойна. І я рабіла гэта з асалодай! Звычайныя шпацыры прыносілі неверагоднае захапленне! Я імкнулася наведаць як мага больш “нямых сведкаў гісторыі” Вроцлава - архітэктурных пабудоў.
Зразумела, быў час і на невялічкія пакупкі для родных, і на фотаздымкі.
А напрыканцы дня, абляцеўшы горад уздоўж і папярок, прыемна было выцішыцца на малітве і сустрэць сяброў.
Тэзэ – гэта безліч знаёмстваў з іншаземцамі і новае сяброўства
Павел Цыронак
Падчас з’езду давялося пазнаёміцца з людзьмі з розных краін: Польшчы, Украіны, Харватыі, Літвы, Партугаліі. Нават з в’етнамцам, які ўжо больша за 10 год жыве ў Германіі. Некаторых пазнаў у прымаючай парафіі, іншых – на малітве ці ў трамваі. Сачу цяпер за новымі знаёмымі праз Instagram і Facebook.
Усіх моцна аб’яднала супольная малітва. Мне спадабаліся спевы на латыні, калі няважна з якой ты краіны і на якой мове размаўляеш: усе адзін аднаго разумеюць. Зінтэгравалі нас і спатканні ў малых групках. Падчас гутарак зразумеў, што ўсе мы падобныя, а людзі, якіх, здаецца, ведаеш пару гадзін, табе вельмі блізкія. Бо яны таксама як і мы святкуюць Божае Нараджэнне, гэтак жа маюць свае праблемы і выбраліся на міжнародную сустрэчу па той жа прычыне: каб адчуць еднасць людзей з розных краін.
Падчас з’езду мне найбольш яскрава запомніліся партугальцы. Нам сапраўды ёсць у іх чаму павучыцца - згуртаванасці, адзінству. Прывяду прыклад: калі святкавалі Новы год у прымаючай парафіі, партугальцы дачакаліся, калі ў іх краіне наступае канун свята, збегліся і адлічылі 10 апошніх секунд старога года. Цікава было назіраць. Таксама яны шчырыя, адкрытыя, заўсёды з усмешкай на твары. А як танчаць! Трэба было бачыць, бо словамі не апісаць.
Дарэчы, адзначу, што беларусам трэба падцягваць ангельскую мову. Усе еўрапейцы ў маёй кампаніі вольна на ёй размаўлялі.
Лічу таксама, што мне пашанцавала з сям'ёй, дзе я пражываў. Гаспадыня - настаўніца па рэлігіі. Пагутарыў з ёй на шмат актуальных тэмаў: пра Касцёл у Польшчы, пра сучасны стан польскага грамадства і пра каштоўнасці, якія цяпер важныя для дзяцей. Гаспадар працуе інжынерам. Цікавая гісторыя выйшла: яго дзед паходзіць з Ліды. І я таксама з Ліды. Атрымалася, сустрэў земляка!
І мясцовыя жыхары былі добразычлівыя. Аднак здарыўся выпадак і неталерантнага стаўлення - падчас спеву калядак у трамваі. Розныя настроі сустракаюцца ў краіне, але гэта не сапсавала атмасферы.
Тэзэ – гэта нястрымная весялосць падчас святкавання Новага года
Маріка Старановіч
За гадзіну да надыходу Новага года ў прымаючай нас парафii айцоў сэрцанаў пачалася малітва аб пакоi і адзінстве сярод народаў.
Першыя хвіліны чарговага года мы сустрэлі на св. Iмшы, пасля чаго распачаўся фестываль народаў: маладыя людзі з Беларусі, Літвы, Германіі, Польшчы і Венгрыі, аб'яднаныя верай і гарачым жаданнем падзяліцца сваімі нацыянальнымі скарбамі, выконвалі песні на роднай мове, дэманстравалі народныя танцы і частавалі нацыянальнымі смачнасцямі. Было незвычайна кранальна і вар'яцка весела.
1-ае студзеня запомнілася святочным абедам - цудоўнымі традыцыйнымі польскімі стравамі, з любоўю прыгатаванымі нашай гаспадыняй. Увогуле, назаўсёды запомніцца сустрэча з польскай сям'ёй, якая так цёпла прымала нас у сваім доме. Такія людзі яшчэ раз дапамагаюць адчуць, якой светлай і радаснай бывае вера і любоў да бліжняга, і якімі ўтульнымі могуць быць святы.
Як у жыцці, так і ў веры, кожны з нас вандроўнік. У гэты Новы год мы былi іншаземцамі, напоўненымі верай у тое, што Сам Бог вядзе нас на гэтым шляху. Хацелася яшчэ раз нагадаць сабе, што Бог верны. І нягледзячы на тое, у якім кутку свету мы жывем, перш за ўсё Ён чакае выканання нашага зямнога паклікання.
Безумоўна, галоўная сустрэча адбылася з Тым, хто сам з'яўляецца вандроўнікам. Ён вядзе Свой народ і Сам ідзе з ім: "Я з табой і буду ахоўваць цябе, куды б ты ні пайшоў" (Быц 28:15).
АМ