Дарагія чытачы, падыходзіць да канца чарговы год. Хутка ён адыдзе ў гісторыю. Гэта быў год, поўны цёплых і вялікіх падзей у нашым мясцовым Касцёле. Год, багаты на падзеі вялікія і малыя, а таксама розныя юбілеі. Мы стараліся інфармаваць вас пра ўсё гэта.
Падзякуем Пану Богу за гэты год. Падзякуем за тое дабро, якое маглі супольна чыніць. Хацелі б нагадаць, што маем не толькі права, але і абавязак перадаваць інфармацыю пра Касцёл. Уся гэтая дзейнасць – для таго, каб весці чалавека да Езуса Хрыста. І менавіта гэта мы хацелі і далей хочам рабіць праз нашы дыяцэзіяльныя медыя.
Святы Максімільян Марыя Кольбэ, другарадны апякун нашай дыяцэзіі, казаў, што можам будаваць найпрыгажэйшыя святыні, але калі не будзем мець каталіцкіх медыя, то гэтыя святыні застануцца пустымі.
Праца медыя патрабуе сістэматычнасці, і патрэбны заўсёды хтосьці канкрэтны, хто гэтым займаецца. Таму дзякуем усім нашым аўтарам і звычайным вернікам, якія дасылалі нам свае навіны з жыцця парафіяльных супольнасцяў.
З гэтай нагоды хочам усіх вас заахвоціць да далейшага супрацоўніцтва! Будзьце разам з намі ў новым 2020 годзе! Разлічваем на ваш прафесіяналізм і кампетэнтнасць. Супольна прыкладзем старанні, каб нашы дыяцэзіяльныя медыя маглі дасягнуць вышэйшага ўзроўню.
Дарагія чытачы!
У новым годзе дазволім, каб Пан дакранаўся да нашых сэрцаў сваёй міласэрнасцю і перамяняў іх. Няхай ззянне Яго прысутнасці асвятляе нашу штодзённасць. Няхай Яго любоў будзе для нас крыніцай адвагі, сілы і радасці. Будзем супольна несці яе ўсім, асабліва тым, хто патрабуе надзеі і падтрымкі, і станавіцца для свету бачнымі знакамі міласэрнай любові Айца.
Ад імя супрацоўнікаў сродкаў масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі
кс. Юрый Марціновіч, прэс-сакратар Гродзенскай курыі