25 снежня, ва ўрачыстасць Божага Нараджэння, Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліў святую Імшу ў парафіi Імя Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Яна Непамука ў Вялікіх Эйсмантах (дэканат Вялікая Бераставіца).
Гэта родныя мясціны іерарха, таму ён захацеў правесці гэты радасны дзень сярод землякоў.
На святочнай літургіі сабраліся шматлікія парафіяне. Пробашч парафіі кс. Руслан Мазан сардэчна прывітаў усіх і заахвоціў да супольнай малітвы.
У гаміліі біскуп заклікаў, каб, стоячы перад стаенкай, усвядоміць, наколькі вялікі дар атрымаў кожны чалавек ад сваіх продкаў, якім з’яўляецца вера і за які трэба пастаянна дзякаваць.
Іерарх заахвоціў глядзець на народжанага Збаўцу вачыма Марыі і Юзафа, каб здабыць давер да Яго, адчуць любоў Бога да нас, адчуць і паверыць, што Бог з намі, а мы з Ім, усе як дзеці і браты дзякуючы гэтаму Дзіцятку, Сыну Бога і Панны Марыі.
Біскуп пажадаў вернікам, каб, гледзячы на сімвалічную стаенку ў сваёй святыні, кожны мог зразумець, што на ім ляжыць абавязак быць евангелізатарам, бо кожны павінен стаць тым, хто прыносіць Добрую Навіну.
На заканчэнне літургіі іерарх удзяліў благаслаўленне фігуркай Пана Езуса.
Кс. Юрый Марціновіч