Святую Імшу пастэрку ў ноч Божага Нараджэння ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
На Эўхарыстыі сабраліся вернікі катэдральнай парафіі, а таксама жыхары Гродна цэлымі сем’ямі, каб перажыць гэтыя хвіліны, – усе з малітоўным настроем і вялікай радасцю ў сэрцы.
Удзельнічалі таксама прастаўнікі Праваслаўнай Царквы, Евангелічна-лютэранскай Царквы і грэка-каталіцкай супольнасці.
Менавіта гэтай ноччу абвяшчаецца радасная вестка аб тым, што дзве тысячы гадоў таму на тэрыторыі Рымскай імперыі ў маленькім мястэчку Бэтлеем нарадзіўся Збаўца свету.
У гаміліі біскуп Кашкевіч адзначыў, што ў гэтую ўрачыстую ноч вернікі прыбываюць у святыню, жадаючы ў чарговы раз усвядоміць праўду, што ў свет прыходзіць Бог, каб сказаць людзям, што яны пакліканы да вечнага жыцця, а не да асуджэння; што маюць свабоду Божых дзяцей; што Ён, як сапраўдны Бог і сапраўдны Чалавек, з’яўляецца нашым Братам. “Усё гэта сталася без аніякай нашай заслугі, а нават насуперак нашым грэшным учынкам”, – дадаў іерарх.
Як падкрэсліў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне, святы Божага Нараджэння нагадваюць, што Бог не меў гневу на людзей, хоць быў і застаецца імі шматразова абражаны, незаўважаны або зусім выкінуты з розных сфераў чалавечага жыцця.
“Сын Божы стаўся чалавекам не для таго, каб асудзіць, а для таго, каб нас збавіць, адкупіць, вызваліць ад зла і зрабіць магчымым для нас новае жыццё – у праўдзе, любові, свабодзе і годнасці Божых дзяцей”, – заўважыў біскуп.
Іерарх дадаў, што Пан Езус навучыў, як мы можам быць сапраўднымі людзьмі – якія жывуць паўнатой жыцця, у любові і супакоі, прабачэнні і паяднанні, братэрстве і салідарнасці, згодзе і ўзаемнай павазе.
“Нованароджаны Хрыстус жадае, каб мы сталі бліжэй адзін да аднаго і бліжэй да Яго. Таму будзем набліжацца да Яго не толькі сёння, а пастаянна: праз глыбокую веру і любоў, у малітве і працы, у радасці і цярпенні”, – заклікаў біскуп.
Іерарх заахвоціў прынесці нованароджанаму Езусу канкрэтны дар: “Няхай нашым дарам для Хрыста будзе кожнае добрае слова, кожны добры ўчынак, кожны жэст любові, служэння, прабачэння і ўдзячнасці”.
На заканчэнне літургіі біскуп выказаў сардэчнае пажаданне, каб Езус Хрыстус кожны дзень нараджаўся ў сэрцах усіх людзей.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Леанід Шчаглоў, Максімільян Пік