“Адчыніце дзверы Хрысту”, – гэтыя словы сталі дэвізам адвэнтавага чування моладзі Гродна, якое адбылося 14 снежня ў пабрыгіцкім касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі.
Сустрэча пачалася Эўхарыстыяй, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. На Імшы сабралася моладзь з гродзенскіх парафій са сваімі душпастырамі, моладзь з душпастырства “OPEN”, навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, у тым ліку дыякан, са сваім прэфектам кс. Янам Раманоўскім.
На пачатку Імшы ўсіх прысутных прывітаў арганізатар чування і адказны за душпастырства моладзі кс. канонік Антоні Грэмза.З Божым словам да моладзі звярнуўся біскуп Юзаф Станеўскі. Іерарх звярнуў увагу на значэнне і сутнасць Адвэнту як радаснага перыяду чакання прыйсця Збаўцы ў наш свет.
Біскуп працытаваў словы адвэнтавай песні: “Нябёсы, дайце росы нам, а хмары справядлівасць. Няхай адкрыецца зямля і народзіць Збаўцу” (Rorate caeli desuper).
“Сэнс гэтых словаў яшчэ мацней разумеецца ў пустынным клімаце, дзе кожная кропля расы на вагу золата, бо яна нараджае жыццё, таксама як і прыходзячы Збаўца нараджае новае жыццё”, – пракаментаваў іерарх.
Таксама ён закрануў тэму надыходзячых святаў Божага Нараджэння, падкрэсліваючы, што “галоўнае не ёлка і не святочная мітусня, а засяроджанне на прыйсце Любові ў наш свет”.
“Сённяшні свет крадзе ў нас свята Божага Нараджэння. Не паспеў яшчэ распачацца Адвэнт, як ужо ставяць ёлкі, ходзяць Дзяды Марозы. Свет вучыць нас, хрысціянаў, як трэба перажываць свята Нараджэння Пана, а патрэбна, каб было наадварот. Мы павінны прыслухацца да голасу Пана, які кажа: хлопча, кажу табе, устань! Або: дзяўчынка, кажу табе, устань! Устань і будзь сведкам Нараджэння, будзь верным сведкам Любові Пана”, – спаслаўся на дэвіз сёлетніх Дзён моладзі Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі.
Пасля Імшы сабраныя пабачылі інсцэніраваныя прадстаўленні, падрыхтаваныя моладдзю гродзенскіх парафій. Паміж інсцэніроўкамі адбываўся дыялог удзельнікаў чування, падчас якога кожны мог падзяліцца думкамі або задаць пытанне.
Апошняй часткай чування стала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, які быў выстаўлены на спецыяльным троне на фоне чырвонага сэрца. Перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам стаялі дзверы, праз якія кожны жадаючы мог прайсці да выстаўленага Езуса і ў цішы сэрца прадставіць свае інтэнцыі.
Aндрэй Юхнік
Фота: Павел Леановіч