Традыцыйна ва ўрачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, якая ў гэтым годзе прыпала 24 лістапада, літургічная служба алтара і моладзевы хор Calasanz парафіі св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне адзначылі сваё патранальнае свята.
Падчас святой Імшы для дзяцей да супольнасці кандыдатаў, якія рыхтуюцца да міністранцкай службы, далучылася 9 хлопцаў.
Астатняя частка літургічнай службы, атрымаўшы новыя «адзнакі» (значкі прыналежнасці да розных міністранцкіх груп, адказных за канкрэтныя дзеянні, напрыклад міністрант святла, адказны за падрыхтоўку і нясенне свечак падчас працэсій, міністрант харыст – за званкі і г.д.), аднавіла свае абяцанні далей старанна і радасна выконваць абавязкі ля Алтара Пана.
Гэтая падзея была ўпрыгожана спевам парафіяльнага моладзевага хору Calasanz, які, дарэчы, таксама павялічыўся на пару новых галасоў.
Пасля складзенай прысягі новыя ўдзельніцы атрымалі свае адзнакі прыналежнасці да хору. Усю цырымонію ўзначаліў айцец Андрэй Агель SP, пробашч гэтай парафіі.
A. Віталій Слука SP
Фотa: Андрэй Арціш