24 лістапада, на ўрачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, вернікі парафіі святых Пятра і Паўла ў Іўі наведалі Вільню. Падчас пілігрымкі яны мелі магчымасць не толькі ўдзельнічаць у супольнай малітве, але і адведаць мясціны гісторыка-культурнай каштоўнасці старажытнага города.
Знаёмства з горадам пачалося з наведвання могілак Росы, дзе 22 лістапада былі перапахаваны парэшткі паўстанцаў 1863-1864 гг. на чале з Кастусём Каліноўскім. Потым разам з экскурсаводам Барбарай Дайновіч пілігрымы рушылі ў падарожжа па цікавых мясцінах Вільні.
Літаральна за некалькі дзясяткаў метраў ад гарадскіх варот яны пабачылі першы цікавы аб'ект – комплекс адзінага ў Вільні праваслаўнага Свята-Духава манастыра. У манастырскай царкве паломнікам адкрыты парэшткі трох віленскіх пакутнікаў, праваслаўных хрысціян, забітых у 1340-гады, а пазней кананізаваных.
Вельмі ўразіў пілігрымаў касцёл свв. Пятра і Паўла, “цёзка” святыні ў Іўі, помнік архітэктуры XVII стагоддзя, які належыць да самых адметных помнікаў барока Літвы і таму нярэдка завецца “пярлінай барока”. Безумоўна, пілігрымы не маглі абысці катэдру святога Станіслава і святога Уладзіслава. Сабору прысвоены ганаровы статус малой базылікі. Ён размяшчаецца ў гістарычным цэнтры Вільні ля падножжа Замкавай гары. Побач знаходзіцца вежа-званіца.
Затым іўеўчане наведалі святыню Божай Міласэрнасці ў Старым горадзе, дзе памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці і адправіліся да галоўнай мэты пілігрымкі – Вострай Брамы, якая ўяўляе сабой не толькі найважнейшы архітэктурны помнік Вільні пачатку XVI стагоддзя, але і аб'ект рэлігійнага паломніцтва (тут знаходзіцца цудатворны абраз Вастрабрамскай Божай Маці).
У капліцы, якая была пабудавана ў 1671 кармэлітамі, спецыяльна для абраза Маці Божай Вастрабрамскай, адбылася святая Імша для пілігрымаў, якую цэлебраваў пробашч іеўскай парафіі кс. Ян Гавецкі.
Вільня – напэўна, самы блізкі беларусам і геаграфічна, і гістарычна, і ментальна буйны замежны горад. Пілігрымка ўзбагаціла іўеўскіх вернікаў духоўна, і за гэты вялікі скарб яны ўдзячныя Богу.
Таксама яны ўдзячныя свайму пробашчу за арганізацыю гэтай пілігрымкі, за тое, што маглі дакрануцца да гісторыі і ўмацаваць сваю веру.
Наталля Лапато