21 лістапада ў санктуарыi Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) адбылася першая працоўная сустрэча арганізацыйнага камітэту па падрыхтоўцы адпустовых урачыстасцяў, якія пройдуць у наступным годзе.
Сабраныя святары і сёстры законныя на чале з біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам дыскутавалі аб будучыні санктуарыя і яго развіцці. Яны разам шукалі спосабы развіцця культу Маці Божай Тракельскай.
Падчас сустрэчы, яка пачалася святой Імшой у гістарычным касцёле, быў абраны дэвіз урачыстасцяў наступнага года ў санктуарыі: “Totus Tuus, Maрыя”.
Totus Tuus (з лацінскай “Увесь Твой”) – дэвіз Папы Яна Паўла ІІ. Гэта цытата з малітвы ў Трактаце аб праўдзівым набажэнстве да Найсвяцейшай Панны Марыі св. Людвіка Марыі Грыньён дэ Манфор. Яна была біскупскім дэвізам Святога Айца яшчэ ў часы яго прабывання ў Кракаве.
На сустрэчы быў падрыхтаваны план урачыстасцяў наступнага года, якія адбудуцца 10-11 ліпеня. Было вырашана, што кожны год у дыяцэзіяльным санктуарыі – месцы асаблівай малітвы за сем’і – падчас адпустовых урачыстасцяў абавязковым пунктам праграмы будзе аднаўленне сужэнскіх абяцанняў. Гэта будзе добрая магчымасць для сужэнцаў аднавіць свой саюз і атрымаць благаслаўленне на чарговыя гады жыцця.
Таксама прысутныя азнаёміліся з працамі, якія праводзяцца зараз па ўпарадкаванні прылеглай да санктуарыя тэрыторыі. Кусташ санктуарыя кс. доктар Юрый Бяганскі распавёў ім пра планы на будучыню, якія, безумоўна, паслужаць развіццю гэтага асаблівага ў Гродзенскай дыяцэзіі месца.
Кс. Юрый Марціновіч