З 1 па 8 лістапада Каталіцкі Касцёл перажываў актаву Усіх Святых. Гэты час прысвечаны асаблівай памяці і малітве аб усіх верных памерлых. На працягу гэтай актавы можна таксама атрымаць поўны адпуст, выканаўшы пэўныя ўмовы.
Навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне пастараліся не змарнаваць Божую ласку, а плённа выкарыстаць магчымасць хутэй выбавіць сваіх блізкіх памерлых з чыстца.
Першыя дні лістапада будучыя святары прабывалі ў родных парафіях, дзе давяралі душы памерлых міласэрнаму Богу. А з 4 да 8 лістапада ў семінарыйнай капліцы маліліся Нешпарамі за памерлых. Малітвай семінарыйная супольнасць атачыла памерлае духавенства, выкладчыкаў і выпускнікоў семінарыі, памерых семінарыстаў, ахвярадаўцаў і дабрадзеяў, а таксама ўсіх памерлых з сем’яў семінарыстаў і выхавацеляў гэтай навучальнай установы.
На канец актавы, 8 лістапада, была цэлебравана св. Імша ў інтэнцыі ўсіх памерлых, якую ўзначаліў рэктар семінарыі кс. Віталь Вайцяхоўскі.
Кожны дзень некалькі семінарыстаў наведвалі Старыя могілкі Гродна, дзе пахаваны кс. інфулат Міхал Арановіч, шматгадовы гродзенскі пробашч, і кс. Міхал Варанецкі СM, першы духоўны айцец гродзенскай семінарыі. Падчас кожнага візіту будучыя святары запальвалі знічы на месцы пахавання.
Aндрэй Юхнік