2 лістапада, ва ўспамін усіх памерлых вернікаў, у капліцы святой Барбары, якая знаходзіцца на могілках, што належаць да парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе, парафіяне разам са святарамі сабраліся на малітву за памерлых.
Пробашч кс. канонік Уладзімір Гуляй пачаў сустрэчу Ружанцам і Нешпарамі за памерлых. Пасля адбылася святая Імша ў інтэнцыі памерлых вернікаў і святароў, якія працавалі ў лідскай Фары.
У гаміліі вікарый парафіі кс. Станіслаў Краўчанка разважаў аб тым, што смерць з’яўляецца не знішчэннем чалавека, а пераходам да сапраўднага жыцця, жыцця вечнага. Святар дадаў: “Пілігрымы на зямлі, памерлыя ў чыстцы і благаслаўлёныя ў небе – усе мы ў дарозе да канчатковага ўваскрашэння, якое ў паўнаце ўчыніць нас удзельнікамі пасхальнай таямніцы Хрыста”.
Пасля Эўхарыстыі вернікі вырушылі ў жалобнай працэсіі па могілках, падчас якой разам з пробашчам маліліся ля пяці стацый за душы, церпячыя ў чыстцы, каб Міласэрны Айцец прабачыў ім грахі і прыняў у супольнасць святых.
Яна Чайко