У апошнiя днi кастрычнiка веласіпедысты-аматары клуба “Ровар” з Ашмянаў наведалi санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных у Барунах (Ашмянскі дэканат).
Там яны ўдзельнічалі ў святой Імшы, якую цэлебравалі кс. Павел Паўлюкевіч, кусташ барунскага санктуарыя, i а. Тадэвуш Казімір Мараўскі OCD, кусташ санктуарыя Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі.
Цудоўна, што тыя, хто нясе да нас Cлова Божае, далучаюцца да рэальнага жыцця кожнага, тым самым дапамагаючы нам быць блiжэй да Бога.
Язда на роварах нас аб’ядноўвае, а супольная малiтва дапамагае ўмацавацца духоўна, адчуць прысутнасть Бога ў сэрцы кожнага з нас – i ў радасцi, i у патрэбе, i падчас адпачынку. Калi молiмся, мы прысвячаем Богу свой час і даём Яму месца ў нашай жыццёвай прасторы, каб Ён мог дзейнiчаць, мог увайсцi i нам дапамагчы.
Вельмi часта на нашых маршрутах сустракаюцца розныя помнiкi архiтэктуры, касцёлы і цэрквы, якiя мы заўсёды з цiкавасцю наведваем. Тым самым мы пазнаём сваю гiсторыю і ўзбагачаемся духоўна. Адпачынак з сябрамі, цудоўныя маршруты і краявiды не толькi нашай Радзiмы, але і замежжа – гэта наш клуб “Ровар”, дзверы якога адчынены для ўсiх жадаючых.
Анастасія Ковгер