Папа Францішак аб’явіў месяц кастрычнік місійным. Пантыфік заахвоціў усіх вернікаў Каталіцкага Кaсцёла да матэрыяльнай і малітоўнай падтрымкі місіянераў і тых, хто ахвотна далучаецца да місійнай дзейнасці.
Кожны год моладзь Гродна збіраецца напрыканцы кастрычніка ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкі) на сумесны Ружанец. У мінулыя гады моладзь Гродзенскай дыяцэзіі збіралася ў касцёлах і злучалася праз Skypе, молячыся на ружанцы. У гэты раз малітва на ружанцы выглядала інакш.
26 кастрычніка малітоўная сустрэча распачалася святой Імшой, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі і адказны за душпастырства моладзі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Юзаф Станеўскі. На сустрэчу з Езусам сабралася моладзь з некаторых парафій Гродна са сваімі душпастырамі, семінарысты і сёстры законныя. На пачатку Эўхарыстыі ўсіх прывітаў кс. канонік Антоні Грэмза, арганізатар сустрэчы.
Біскуп Юзаф Станеўскі ў сваю чаргу заахвоціў моладзь у гаміліі “быць місіянерамі сённяшняга дня”.
Іерарх нагадаў, што Панна Марыя дапамагае людзям быць вернымі сведкамі Езуса Хрыста, таму ўсе мы павінны ўзяць ружанец у рукі і прасіць аб заступніцтве Маці Божую.
Пасля Імшы распачаўся Ружанец у інтэнцыі місій і місіянераў. Кожная таямніца была прысвечана малітве за асобную частку свету: Афрыку, Аўстралію, Амерыку, Азію і Еўропу.
Перад таямніцай моладзь прэзентавала пэўную частку свету: маладыя людзі з душпастырства “OPEN”, з катэдральнай парафіі і семінарысты падрыхтавалі медыяпрезентацыі, а студэнты з Нігерыі распавялі пра місійную дзейнасць у Афрыцы.
Моладзь з парафій Божай Міласэрнасці (Вішнявец) і Духа Святога (Альшанка) падышла да задання творча і прэзентавала сітуацыю Касцёла ў Азіі і Еўропе ў выглядзе тэатральнай пастаноўкі. Пасля прэзентацый гучала інтэнцыя, у якой маліліся ўсе прысутныя.
На заканчэнне малітвы біскуп Юзаф Станеўскі ўдзяліў благаслаўленне ўсім сабраным.
Андрэй Юхнік
Фота: Павел Леановіч