20 кастрычніка споўнілася 30 гадоў з моманту біскупскага пасвячэння першага пасля савецкіх часоў пераследу веры каталіцкага іерарха ў Беларусі Тадэвуша Кандрусевіча — сённяшняга Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
Як паведамляе catholic.by, гэтую гадавіну Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі адзначыў на малой радзіме ў мястэчку Адэльск. У сваім родным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы, падчас якой дзякаваў Богу за тры дзесяцігоддзі пастырскага служэння.
"Сёння, у трыццатую гадавіну разам з вамі, тут, адкуль мой род, прыходжу ў наш парафіяльны касцёл, каб дзякаваць Богу і апецы Божай Маці за тры дзесяцігоддзі біскупскага служэння", — зазначыў на пачатку юбіляр, вітаючы ўсіх удзельнікаў урачыстай літургіі.
У прамоўленай гаміліі іерарх на падставе нядзельных біблійных чытанняў засяродзіўся на значэнні малітвы.
"Бог выслухоўвае нестомныя малітвы людзей, калі гэта патрэбна для збаўлення. <…> Ён лепш за нас ведае, што і калі нам патрэбна, і ніколі не пакідае сваіх дзяцей без дапамогі. Таму неабходна заўсёды маліцца, каб мець надзею на тое, што нашыя просьбы будуць выслуханы", — адзначыў арцыбіскуп.
Ён прыгадаў, як доўгія дзесяцігоддзі Касцёл у былым Савецкім Саюзе заставаўся без іерархіі, святароў і неабходных структур.
"Нешматлікія святары чакалі і не маглі дачакацца, калі на Беларусі будзе біскуп <…> Яны разам з вернікамі нястомна маліліся і верылі, што Божая міласэрнасць бязмежная і дасягне Беларусі", — нагадаў арцыпастыр, пасля чаго распавёў землякам і гасцям пра шлях свайго біскупскага служэння даўжынёю ў трыццаць гадоў.
"25 ліпеня 1989 года папа Ян Павел ІІ прызначыў мяне Мінскім біскупам для католікаў лацінскага абраду ў Беларусі, а 20 кастрычніка ён жа мяне кансэкраваў у базыліцы св. Пятра ў Ватыкане. Пры гэтым Папа мяне моцна падбадзёрыў, запэўніваючы аб малітве.
Пасля вяртання на радзіму распачалася эпапея біскупскага служэння, без досведу, касцёлаў, святароў, семінарыі і іншых структур. Трэба было стаць „бульдозерам“, які расчышчае дарогу Касцёлу ад завалаў атэістычнага рэжыму.
Апека Божай Маці і Божае благаслаўленне спадарожнічала мне. Касцёл пачаў адраджацца і станавіцца на ногі. Перадаваліся раней канфіскаваныя касцёлы, з-за мяжы з дапамогай прыехалі святары і кансэкраваныя асобы, была заснавана Гродзенская духоўная семінарыя. Касцёл пачаў станавіцца на свае ногі.
Але пасля паўтарагадовага служэння ў Беларусі мяне чакала новае прызначэнне — у Расію. 13 красавіка 1991 года папа Ян Павел ІІ прызначыў мяне арцыбіскупам і Апостальскім адміністратарам Еўрапейскай часткі Расіі.
Гэта быў новы выклік для мяне: ісці ў краіну, дзе ваяўнічы атэізм панаваў тры пакаленні і Каталіцкі Касцёл амаль што знік. Толькі некалькі святароў і два касцёлы: у Маскве і Ленінградзе. Сапраўдная духоўная пустыня!
Але зноў Бог благаславіў, і распачалося дынамічнае адраджэнне гэтага Касцёла, які сёння моцна стаіць на сваіх нагах. Адрадзіліся яго парафіяльныя структуры, семінарыя ў Санкт-Пецярбургу, дабрачынныя арганізацыі, выдавецтвы, каталіцкія СМІ і шмат іншага.
У 2007 годзе мяне чакала новае прызначэнне, а менавіта вяртанне ў Беларусь у Мінск, дзе я распачаў сваё біскупскае служэнне.
Кажуць, што нельга ўвайсці двойчы ў тую ж раку. Сапраўды нельга.
З аднаго боку, я вярнуўся ў той самы Касцёл у Беларусі, але якасна гэта быў зусім іншы Касцёл. Мне заставалася толькі працягнуць працу маіх папярэднікаў.
Сёння хачу падзякаваць усім, хто ў гэты працэсе мне дапамагаў і дапамагае. Без Божага благаслаўлення, дапамогі братоў біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў немагчыма было б дасягнуць таго, што было дасягнута.
Беларускі Касцёл, хоць і супрацьстаіць шматлікім праблемам, тым не менш цвёрда стаіць на сваіх нагах, адказвае на актуальныя праблемы сучаснасці, асабліва маральныя і сацыяльныя", — сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч. Пасля кароткага экскурсу ў гісторыю свайго біскупскага служэння іерарх вярнуўся да вытокаў.
"Усё распачалося тут, у Адэльску. Тут я нарадзіўся, быў ахрышчаны, атрымаў сакрамэнт канфірмацыі, адукацыю ў школе і рэлігійнае выхаванне ад бацькоў і блізкіх.
Дзякую памерлым бацькам за перададзены Божы дар жыцця і выхаванне ў веры ў часы ганенняў. Дзякую бабці, сястры, блізкім і суседзям, якія вельмі моцна паўплывалі на маё духоўнае і чалавечае сталенне. Асабліва дзякую ксяндзу прэлату Пятру Барташэвічу, які паказаў мне прыклад сучаснага, адкрытага для свету і іншых людзей святара.
Усе яны падрыхтавалі мяне да старту ў самастойнае жыццё і да прыняцця жыццёва важных рашэнняў", — з удзячнасцю ўзгадаў арцыпастыр тых, каму ён так шмат чым абавязаны.
На заканчэнне арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, звяртаючыся да прысутных, сказаў:
"Дзякую вам, дарагія землякі. Дзякую за малітоўную і маральную падтрымку. Перапрашаю, бо, можа, кагосьці пакрыўдзіў, але хачу запэўніць, што заўсёды кіраваўся дабром Касцёла і справай збаўлення людзей.
Прашу ў Бога, каб шчодра благаславіў нашу парафію і ўсіх яе жыхароў".
Кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату таксама нагадаў, што ён — не першы і не адзіны біскуп, які паходзіць з Адэльска. Мясцовы ўраджэнец Эўстахій Катовіч у 1637–1704 гадах быў Смаленскім біскупам, ягоны брат Аляксандр Катовіч у 1684–1686 гадах быў Віленскім біскупам, а Караль Панцяжынскі ў 1712 г. быў прызначаны беларускім суфраганам, у 1720–1723 гадах быў Смаленскім біскупам і ў 1723–1727 — Віленскім.
"Калі Кракаў называюць папскім горадам, то Адэльск заслужана можна назваць „біскупскім мястэчкам“.
Няхай Бог пашле новых працаўнікоў на сваё жніво з адэльскай парафіі, каб з іх былі таксама і новыя біскупы. Заўсёды памятаю вас у сваіх малітвах і прашу маліцца за мяне", — звярнуўся з заўсёды актуальнаю просьбаю да землякоў іерарх.