19 кастрычніка падчас ранішняй святой Імшы ў капліцу Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне былі ўнесены рэліквіі благаслаўлёнага кс. Ежы Папялушкі ў дзень яго літургічнага ўспаміну.
На Эўхарыстыі сабраліся семінарысты разам са сваімі выхавацелямі на чале з рэктарам кс. Віталем Вайцяхоўскім. Цэлебрацыю ўзначаліў канцлер Гродзенскай курыі кс. канонік Аляксандр Мацкевіч, які ўрачыста прынёс рэліквіі благаслаўлёнага да алтара. Канцлер таксама прамовіў гамілію, у якой засяродзіў увагу на асобе Ежы Папялушкі, нагадаў яго біяграфію і прывёў яго ў прыклад адданасці службе Богу.
"Благаслаўлёны Ежы Папялушка дае нам прыклад трываласці ў веры, любові да Касцёла і клопату аб блізкіх", — адзначыў святар.
Напрыканцы Імшы супольнасць семінарыі памалілася аб заступніцтве благаслаўлёнага і ўшанавала рэліквіі.
Семінарыя атрымала ў дар рэліквіі бл. Ежы Папялушкі — частку яго косці — ад Варшаўскай архідыяцэзіі.
Ва ўсім свеце ёсць каля 1500 рэліквій гэтага благаслаўлёнага: ад Бразіліі да Філіпінаў, а цяпер і ў гродзенскай семінарыі.
Aндрэй Юхнік