13 кастрычніка ў гродзенскай парафіі Духа Святога (Альшанка) адбыўся конкурс, у якім заданнем дзяцей было зрабіць ружанец уласнымі рукамі.
Як адзначыў пробашч парафіі кс. канонік Ян Салабуда, дзеці вельмі актыўна ўзяліся за справу.
“Праз гэты конкурс мы хацелі звярнуць увагу дзяцей на ружанцовую малітву і яе практыкаванне ў сем’ях. Дзеці вельмі ахвотна і ў вялікай колькасці прыходзяць кожны дзень на Ружанец у нашай капліцы”, – дадаў святар, падкрэсліўшы, што бацькі разам з дзецьмі далучыліся да ўдзелу ў гэтым конкурсе.
За некалькі дзён да конкурсу на заняткі рэлігіі кожны жадаючы прынёс свой ружанец, які пазней сёстры законныя змясцілі на спецыяльнай таблічцы ў капліцы.
У конкурсе было некалькі розных намінацый: найлепшы ружанец, найменшы, самы крэатыўны, самы арыгінальны і г.д. Лепшыя працы выбраў вікарый парафіі кс. Андрэй Белаблоцкі.
Кожны з удзельнікаў атрымаў смачны пачастунак і памятны падарунак. Варта адзначыць, што ў нядзелю 20 кастрычніка ў парафіі адбудзецца чарговы конкурс на найлепшы малюнак, які прадстаўляе св. Яна Паўла ІІ або розныя моманты з яго жыцця.
“Гэтымі конкурсамі, а таксама іншымі ініцыятывамі – напрыклад, некалькі тыдняў таму сястра Фаўстына вучыла дзяцей рабіць торт, – мы не толькі хочам заняць час дзяцей, але і клапоцімся пра развіццё іх талентаў і духоўнае развіццё. Як заўважаем, дзеці ахвотна ўдзельнічаюць у розных акцыях, якія мы задумваем для іх”, – адзначыў кс. Салабуда.
Парафія Духа Святога наймалодшая ў Гродзенскай дыяцэзіі. Вялікая колькасць дзяцей удзельнічае ў ёй у занятках рэлігіі. Зараз у парафіі ідзе будаўніцтва новай святыні. У ёй служаць два святары і тры законніцы-катэхеткі з супольнасці сясцёр св. Ядвігі.
JM