9 кастрычніка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у межах кананічнай візітацыі, якая ў гэтыя дні адбываецца ў Шчучынскім дэканаце, наведаў парафіяльную супольнасць Узвышэння Святога Крыжа ў Першамайску.
Візітацыя пачалася ў Гадзіну Божай Міласэрнасці ў капліцы ў Хадзiлонях, якая належыць да першамайскай парафіі. Шматлікія прысутныя вернікі разам з біскупам памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці.
Затым яны пазнаёмілі іерарха з гісторыяй сваёй капліцы, асабліва падкрэсліўшы вялікі клопат аб іх святароў, якія служылі ў іх парафіі.
Разам з пробашчам кс. Юрыем Грыцько і дэканам Шчучынскага дэканату кс. Юрыем Кузьмічом біскуп наведаў мясцовыя могілкі, дзе памаліўся ў інтэнцыі ўсіх памерлых з гэтай парафіі.
Цэнтральнай падзеяй візітацыі была сустрэча з вернікамі ў парафіяльнай святыні, дзе адбылася Імша, якую ўзначаліў біскуп у інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае парафію.
Пробашч ад імя біскупа падзякаваў вернікам за тое, што яны з адданасцю дапамагаюць у розных працах у парафіі і разам ствараюць добрую атмасферу парафіяльнай сям’і. Ксёндз Грыцько падкрэсліў, што кананічная візітацыя змушае да таго, каб шукаць новых спосабаў прыходу да людзей з Евангеллем Хрыста, больш клопату і часу прысвячаць сем’ям, асабліва маладым, і далей развіваць душпастырства дзяцей і моладзі.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне, падсумоўваючы візітацыю, указаў на важнасць малітвы, асабліва супольнай у сем’ях, а таксама важнасць таго, каб далей ісці ў вернасці і паслухмянасці шляхам Божых запаведзяў.
Ён прасіў прысутных занесці пастырскае благаслаўленне, удзеленае ім, дадому і да тых, якія з розных прычын не мелі магчымасці ўдзельнічаць у супольнай сустрэчы.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Анастасiя Падмаска