7 верасня пры санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях адбылася сустрэча шэфаў-скаўтак Беларусі, падчас якой удзельнікі падвялі вынікі мінулага скаўцкага года і абмеркавалі планы на новы.
Як паведамляе сайт Jan.by, дэвізам новага скаўцкага года ў Беларусі ўдзельнікі выбралі словы Евангелля «Давайце, і будзе дадзена вам» (Лк 6, 38), якімі звярнуўся Папа Францішак да скаўтаў усяго свету.
Сустрэчу ўзначаліла Юлія Чарніцкая – генеральны камісар скаўтак нашай краіны, былі прысутныя святары a. Андрэй Врублеўскі CSsR з Гродна і а. Лех Баханэк OFMConv з Івянца.
Каб лепш зразумець, што азначаюць гэтыя словы ў скаўцкім служэнні, кс. Андрэй правёў канферэнцыю пра Эдыту Штайн. Гэтая святая ўсім сваім жыццём паказала, што любоў да Бога і бліжняга, Бацькаўшчыны і служэння іншым павінна быць нязменнай праз кожную хвіліну жыцця, праз кожны ўздых да самага апошняга моманту на зямлі.
Падчас сустрэчы былі прызначаны новыя нацыянальныя камісары жоўтага («Божыя кароўкі»), зялёнага («скаўткі») і чырвонага («правадніцы») адгалінаванняў.
Кусташ санктуарыя Маці Божай Тракельскай кс. Юрый Бяганскі правёў для скаўтак падрабязную экскурсію і падзяліўся сваімі планамі па пабудаванні і ўпрыгожванні санктуарыя і навакольнай тэрыторыі.
Таццяна Мазун