8 верасня ў капліцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ўдзяліў паслугу лектарату навучэнцу гэтай семінарыі.
Студэнт IV курса семінарыі ў Гродне Віталій Гурэц зрабіў такім чынам яшчэ адзін вельмі значны крок на шляху да святой мэты: быць тым, хто працягвае адкупленчую місію Хрыста і з’яўляецца мостам паміж Богам і людзьмі, нягледзячы на сваю абмежаванасць.
Да гэтай падзеі семінарыст разам з іншымі навучэнцамі духоўнай установы рыхтаваўся праз удзел у рэкалекцыях, якімі распачаўся чарговы год вучобы і фармацыі пасля канікул.
Паслуга лектарату з’яўляецца першай афіцыйнай ступенню на шляху да святарства. З моманту прыняцця лектарату семінарыст можа абвяшчаць жыццядайную моц Святога Пісання з амбоны падчас Эўхарыстыі, а таксама чэрпаць з Божага слова веру і адвагу, каб ператвараць яго ў жыццё падчас штодзённых абавязкаў.
Для кожнага чалавека, які рыхтуецца да святарства, гэтая падзея з’яўляецца вельмі важным і незвычайна адказным крокам у служэнні людзям і Касцёлу, а таксама на шляху да святарства.
Aндрэй Юхнік