8 верасня ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Макараўцах (Бераставіцкі дэканат) 25 чалавек далучылася да малітоўнай групы апостальскага руху “Маргарытка”.
Новыя члены групы публічна далі абяцанне штодзённа маліцца ў інтэнцыі святароў, a таксама прысвячаць за іх цярпенні і ахвяры кожны дзень.
Прыняцце новых членаў адбылося падчас святой Імшы, якую ўзначаліў пробашч парафіі кс. Павел Беланос. Прысутнічаў таксама кс. Ян Сарэла, духоўны айцец Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне і адказны за малітоўную групу апостальскага руху “Маргарытка” ў Гродзенскай дыяцэзіі.
Малітоўная група “Маргарытка” ўзнікла ў Гродзенскай дыяцэзіі некалькі гадоў таму па ініцыятыве кс. Валерыя Быкоўскага і саміх свецкіх вернікаў.
Сутнасць апостальскага руху “Маргарытка” – штодзённая малітва за канкрэтных святароў. Членамі гэтага руху становяцца людзі, якія жадаюць аберагаць сваіх пастыраў самай паспяховай зброяй, якой з’яўляецца малітва, і ўмацоўваць сваю асабістую сувязь з Хрыстом праз пасрэдніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі.
Кс. Юрый Марціновіч