Прыкладна 400 пілігрымаў з розных куткоў Польшчы, Літвы, Украіны і каля 100 пілігрымаў з Беларусі прыйшло ў Вострую Браму, каб ахвяраваць Маці Міласэрнасці ўсе патрэбы свайго сэрца.
Сваімі перажываннямі і тым, з чым яны вярнуліся да штодзённых справаў, дзеляцца ўдзельнікі пілігрымкі з Гродзенскай дыяцэзіі.
Кацярына Ненартовіч
Maрыя заўсёды з намі
"У пілігрымку да Маці Божай Вастрабрамскай я ішла ў другі раз. Для мяне гэта час для духоўнага адпачынку, калі я магу папрасіць Маці аб заступніцтве і ўказанні майго жыццёвага шляху. Таксама гэта час падзякі за тое, што я ўжо атрымала.
Гэтая пілігрымка адрозніваецца ад нашых беларускіх. Яна нібы... спакайнейшая. Але беларуская група ўнесла крышку сваёй атмасферы і засталася ў памяці польскіх пілігрымаў як адна з самых вясёлых.
Калі мы прыбылі на месца, цяжка было стрымліваць эмоцыі перад абліччам Маці. Я малілася перад Ёй, ахопленая рознымі пачуццямі. Але Яе лагодны позірк нібы гаварыў: «Дачка мая, нічога не бойся, Я заўсёды з табою». І больш нічога не было патрэбна.
Дадому я вярталася са спакоем у сэрцы, бо ведала, што мая інтэнцыя напэўна пачута і некалі настане той самы момант на яе выкананне, калі на тое будзе воля Бога”.
Вераніка Матусевіч
Час сведчання пра любоў Бога
"Мне пашчаслівілася ў 4-ы раз прыняць удзел у экуменічнай пілігрымцы да Маці Божай Вастрабрамскай. Асаблівасцю сёлетняй пілігрымкі было тое, што ўпершыню трасу змянілі і пілігрымы затрымаліся ў Сакулцы (Польшча), дзе ў 2008 годзе ў касцёле св. Антонія меў месца эўхарыстычны цуд. Менавіта гэта было адной з прычын таго, што я вырашыла пайсці ў пілігрымку менавіта з Беластока, ад пачатку, і ні на хвіліну аб гэтым не пашкадавала.
Наколькі ж Езус любіць нас і так наяўна паказвае Сябе, запэўніваючы, што ў Яго міласэрнасці ніколі не будзе недахопу! У гэтым цудоўным месцы Яго святая прысутнасць настолькі рэальная і несумнеўная! І гэта была вялікая ласка для мяне ўпершыню адараваць Езуса так блізка!
Пілігрымкавая траса вельмі багатая на маляўнічыя краявіды: праз пушчы, лясы, памежныя мястэчкі і вёскі з вельмі багатай і цікавай гісторыяй, атмасферныя касцёлы і капліцы. Вельмі вылучаецца гасціннасць людзей на гэтым шляху. З якой шчырай радасцю яны адчынялі дзверы сваіх дамоў для нас, з якой цеплынёй нас віталі, гаворачы, што чакалі нас цэлы год... гэта кранае да самых глыбінь душы!
Для меня пілігрымка - гэта час рэфлексіі над сваім жыццем. Калі ж, як не тут, можна паразважаць над сваім пакліканнем і дасканалым Божым планам наконт кожнага з нас. Гэта асаблівы час духоўнага адпачынку, праз фізічныя недахопы і змучанасць. Гэта час аднаўлення і паглыблення веры. Гэта час на хрысціянскую евангелізацыю. Гэта асаблівы час на ўчынкі міласэрнасці да бліжніх. Гэта час на сведчанне вялікай любові Божай да кожнага з нас. Гэта час прыгатавання да сустрэчы з Матуляй, той, якая выслухае ўсе твае нараканні, той, якая ведае ўсе твае патрэбы і праблемы і лагодным позіркам суцешыць.
Пасля 9 дзён пілігрымавання, пасля доўгачаканай сустрэчы з любімай Матуляй, трошкі сумна вяртацца ў штодзённую пілігрымку абавязкаў. Хтосьці сказаў, у гэтую шэрую манатоннасць… але я скажу, што менавіта цяпер, у гэты звычайны час, Марыя просіць за нас у Езуса і гаворыць: “Зрабіце ўсё, што скажа вам Мой Сын””.
Аліна Гардзей
Пазнанне праўды, якая вызваляе
"У першы раз я пайшла ў Вострую Браму ў мінулым годзе. Менавіта пасля гэтай пілігрымкі маё жыццё павярнулася на 360 градусаў. Я была далёка ад Бога, хоць лічыла сябе веруючай каталічкай. На той момант я вывучала астралогію, хірамантыю, нумералогію, верыла ў забабоны, захаплялася фэн-шуем, ёгай, эзатэрыкай, вегетарыянствам, біяэнергетыкай і іншымі ілжывымі навукамі.
2018-2019 год асаблівы і самы важны ў маім жыцці, бо ў ім з’явіўся Жывы Бог, знікла духоўная слепата і адкрылася праўда. Таму гэтую пілігрымку я пражывала цалкам па-іншаму, несучы ўдзячнасць нашай Матулі Марыі, што прывяла мяне да Езуса. Ды і, прызнаюся, ішлося мне ў гэтым годзе вельмі лёгка, практычна не адчувалася стомленасць.
Велізарным шчасцем для мяне была магчымасць упершыню пабываць у Сакулцы ў месцы эўхарыстычнага цуду (чаго не было раней у мінулых пілігрымках). Час пілігрымак я называю “канікулы з Богам”.
Гэта цудоўны час, калі ты акунаешся ў свет людзей, якіх аб’ядноўвае любоў да Бога. Гэта заўсёды час радасных зносінаў і новых знаёмстваў, а самае галоўнае – духоўных плёнаў, якія з часам з’яўляюцца ў тваім жыцці”.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Міхал Цылвік