Усіх, хто ў гэты дзень прыехаў у Тракелі на ровары, прывітаў кусташ санктуарыя кс. Юрый Бяганскі, які быў ініцыятарам таго, каб кожны год у жніўні гэтае святое месца наведвалі таксама велапілігрымы.
У інтэнцыі ўсіх велапілігрымаў кусташ цэлебраваў у гэты дзень урачыстую святую Імшу. У гаміліі ён разважаў над тым, чым з’яўляецца наша вера. Святар падкрэсліў, што вытрываць у веры – цяжкая справа, але хаваць сваю веру нельга.
“Калі мы хаваем сваю веру для святой згоды, самі становімся бедныя, нікому не патрэбныя. Наадварот, мы патрэбныя, як свядомыя сведкі, вызнаўцы Хрыста”, – дадаў кусташ.
Ён падзякаваў пілігрымам за іх прыбыццё ў Тракелі, якое з’яўляецца відавочным сведчаннем іх веры і выяўлення яе іншым.
Пасля Імшы адбыўся конкурс на званне “Лепшы велапілігрым 2019”. Потым прайшла віктарына на веданне Бібліі і віктарына на веданне гісторыі тракельскага санктуарыя.
Урачыстасць скончылася благаслаўленнем ровараў. На зваротны шлях кусташ удзяліў усім благаслаўленне.
Kс. Юрый Марціновіч