18 жніўня сем братоў законных з Ордэну дамініканаў у Варшаве (Польшча) скончылі свой навіцыят, прыняўшы першыя манаскія абяцанні. У іх ліку быў Тамаш Стэцкевіч, які паходзіць з гродзенскай катэдральнай парафіі Св. Францішка Ксаверыя.
Святую Імшу ўзначаліў правінцыял дамініканаў а. Павел Казацкі, які заахвоціў прымаючых манаскія абяцанні быць вернымі таму, што яны абяцаюць. “Нам патрэбны ваш радыкалізм, бо часам нам, старэйшым братам, гэтага радыкалізму не хапае, – адзначыў ён. – Заклікаю, каб вы такому працэсу не паддаваліся. Сваім стаўленнем і радыкалізмам будзьце для нас тым, што можа нас прысароміць”.
Ва ўрачыстасці ўдзельнічалі пробашч роднай парафіі брата Тамаша Стэцкевіча кс. канонік Ян Кучынскі і кс. Аляксандр Вараб’ёў, які таксама паходзіць з яе.
Пасля кароткіх вакацый браты, якія прынялі першыя манаскія абяцанні, распачнуць у Кракаве філасофска-тэалагічную вучобу і будуць рыхтавацца да святарства.
Дамінікане, Ордэн прапаведнікаў (лац. Ordo Fratrum Praedicatorum) – каталіцкі мужчынскі ордэн, заснаваны ў 1216 г. святым Дамінікам Гусманам, “асабліва для прапаведніцтва і збаўлення душаў”.
Паводле Канстытуцыі ордэна, яго галоўнай задачай з’яўляецца абвяшчэнне Евангелля “ўсюды, усім і ўсімі спосабамі”. Характэрная рыса дамініканаў – моцны націск на вывучэнне тэалогіі і філасофіі. Пазнаванне веры, сутнасці Аб’яўлення ў дамініканаў непарыўна звязана з сузіраннем, ці асабістай сустрэчай, асабістымі адносінамі з Богам. У гэтых адносінах яны чэрпаюць духоўную моц свайго навучання, згодна з прынцыпам сузіраць і дзяліцца плёнамі сузірання з іншымі.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: dominikanie.pl