Skip to main content

I Казіміраўскі фэст адбыўся ва Уселюбе

wselub fest 21

17 жніўня на тэрыторыі парафіі Святога Казіміра ва Уселюбе (Навагрудскі дэканат) упершыню адбыўся І Казіміраўскі фэст #РАЗАМ, на які сабралася больш за 250 чалавек. Сярод іх былі не толькі навагрудчане, але і жыхары іншых рэгіёнаў.

Як паведамляe «Новае жыццё», мерапрыемства пачалося са святой Імшы ў мясцовай святыні. Затым на тэрыторыі касцёла адбылося ўрачыстае адкрыццё.

Вітаючы прысутных, пробашч парафіі ксёндз Віталій Цыбульскі падзякаваў усім, хто прымае актыўны ўдзел у жыцці парафіі і дапамагаў у падрыхтоўцы свята.

Святар, які з’яўляецца ідэйным натхняльнікам і асноўным арганізатарам фэсту, адзначыў, што мерапрыемства ладзіцца для таго, каб аб’яднаць людзей розных узростаў, веравызнанняў, прафесій, з рознымі захапленнямі і талентамі. А таксама даць магчымасць кожнаму ўдзельніку свята знайсці сабе занятак па душы, адпачыць цікава і карысна.

На тэрыторыі касцёла падрыхтавалі некалькі тэматычных зон – гульнявая, творчая, танцавальная і іншыя. Праходзілі майстар-класы ад мясцовых майстроў, ладзіліся бяспройгрышная латарэя і розыгрыш суперпрыза, працавалі музей пад адкрытым небам, выстаўкі-продажы і летнія кафэ.

wselub fest 30

На галоўнай сцэне выступілі аматарскія калектывы і артысты Навагрудчыны і іншых раёнаў. У дзяцей асаблівай папулярнасцю карысталіся забавы ХІХ стагоддзя і сучасныя гульні.

Святочная праграма ў наведвальнікаў выклікала шмат станоўчых эмоцый і ўражанняў. Усе гаварылі аб тым, каб фэст стаў штогадовым і збіраў яшчэ больш людзей.

Арганізатарамі свята выступілі парафія Святога Казіміра і аддзел культуры Навагрудскага райвыканкама.