Удзельнікаў пілігрымкі ў гэтым годзе больш за 400 чалавек. Наймалодшаму з іх 7 гадоў, а найстарэйшаму 84. Іх суправаджаюць 14 святароў, 7 семінарыстаў і 6 сясцёр законных.
Ужо стала традыцыяй, што беластоцкая пілігрымка спыняецца на сваім шляху ў Гродне, каб пасля кароткага адпачынку вырушыць далей да цудадзейнага абраза Маці Божай Міласэрнай у Вострай Браме (Літва), дзе вернікі змогуць даручыць Ёй свой сённяшні і заўтрашні дзень. У Гродне да гэтай пілігрымкі далучаюцца вернікі з Беларусі. Сёлета іх будзе больш за 100.
Пілігрымаў прывіталі перад касцёлам Адшукання Святога Крыжа (бернардынскі), дзе яны прынялі ўдзел у святой Імшы, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх падзякаваў ім за цяжар пілігрымавання і прыгожае свдечанне веры, так патрэбнае сучаснаму свету, якое яны даюць гродзенцам. Ён падкрэсліў, што такім чынам яны паказваюць сабе і іншым, што сёння варта жыць з Богам і звяртацца да Найсвяцейшай Панны Марыі ва ўсіх сваіх патрэбах.
Ксёндз доктар Лукаш Жук, кіраўнік пілігрымкі, падкрэслівае, што пілігрымка з Беластока ў Вільню становіцца ўсё больш папулярнай у Польшчы і за мяжой. Пілігрымаў не з Беластока ў ёй амаль палова. Сёлета іх шмат з Усходу, між іншым з Расіі, Беларусі і Украіны.
За плячыма ў пілігрымаў 3 дні шляху, засталося яшчэ 6. Перасякаючы тры краіны, яны традыцыйна наведваюць усе касцёлы і цэрквы, якія сустракаюць на сваёй дарозе. Таксама яны сустракаюцца з мясцовымі жыхарамі, якія вітаюць іх ля прыдарожных крыжоў ці капліц і адчыняюць ім дзверы дамоў і сэрцаў.
Пасля 9 дзён падарожжа і пераадолення каля 300 км яны ўвойдуць днём 24 жніўня ў Вострую Браму, дзе прымуць удзел у святой Імшы. Афіцыйна пілігрымка завершыцца 25 жніўня супольнай Эўхарыстыяй у віленскай катэдры.
Сёлета пілігрымка праходзіць пад назвай “У моцы Духа”. Гэты дэвіз атрымлівае асаблівае гучанне ў святле апошніх падзей, калі Касцёл і вера моцна атакуюцца. Таму адважныя пілігрымы ідуць праз Польшчу, Беларусь, а затым Літву, каб даць сведчанне сваёй прыналежнасці да Хрыстовага Касцёла.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Вольга Сяліцкая