Нягледзячы на тое, што збіраць вінаград у жніўні яшчэ рана, удзельніцы спрабавалі зрабіць гэта ў духоўным сэнсе.
Гэтыя дні праходзілі інтэнсіўна і плённа дзякуючы святой Імшы, разважанню над Божым словам, Ружанцу, канферэнцыям і дзяленням перажываннямі.
Інтэграцыйныя гульні і супольныя пасілкі ўзмацнілі добрыя ўзаемаадносіны ў групе дзяўчат з розных парафій – Крамяніца, Зэльва, Гродна-Вішнявец, Пескі.
Вось некаторыя думкі ўдзельніц па выніках сустрэчы:
“За час рэкалекцый мы змянілі сваё меркаванне наконт людзей, змяніліся нашы адносіны да іншых. Таксама мы зразумелі, што пошукі свайго прызначэння, жыццёвага шляху – гэта няпросты і часам вельмі доўгі працэс. Рэкалекцыі далі нам вельмі шмат, вялікі дзякуй сёстрам за падрыхтоўку”, – кажуць удзельніцы з Крамяніцы.
“Я ў першы раз удзельнічала ў днях засяроджання. Яны прайшлі ў Крамяніцы ў сясцёр катарынак, у іх удзельнічала 12 дзяўчат. Праграма была вельмі насычанай і цікавай. Я пазнаёмілася з новымі людзьмі, з якімі больш часу прысвячала Богу. Мне вельміспадабалася, і я далей планую прымаць удзел у падобных падзеях”, –адзначае ўдзельніца з парафіі ў Песках.
“Гэта быў цудоўны час. Мы адчулі, што з’яўляемся часткай Божага вінаградніка, але кожная з нас займае сваё месца: хтосьці суадносіць сябе з вінаградам, хтосьці з лазой, а нехта і з вінаградарам. Акрамя духоўнага ўзбагачэння, мелі час на спартыўныя гульні і размовы між сабой”, –апавядаюць удзельніцы з парафіі Божай Міласэрнасці ў Гродне (Вішнявец).
“Мне падабаюцца такія дні засяроджання. Яны заўсёды дапамагаюць мне паглыбіцца ў веры, падысці на крок бліжэй да Бога. Я хачу падзякаваць сястры Аўгустыне за тое, што арганізавала такую сустрэчу, за цікавыя канферэнцыі; сястры Аляксандры і дзяўчатам за цёплую атмасферу”, –кажа ўдзельніца з Зэльвы.
Марыя Шанціла