З 29 ліпеня па 3 жніўня адбыўся чарговы паход моладзі лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Фара). З улікам таго, што хтосьці штодня прыязджаў ці ад'язджаў, колькасць удзельнікаў паходу склала каля 35 чалавек.
Арганізатар, ксёндз Дзяніс Бразінскі, вікарый парафіi, яшчэ да пачатку паходу паставіў агульнай мэтай акцэнтаваць увагу менавіта на духоўнасці.
Кожны дзень пачынаўся і заканчваўся малітвай, а галоўным момантам была святая Імша, якая праводзілася ў сярэдзіне дня, каб адкінуць усе справы і паяднацца з Богам у Эўхарыстыі. А восьмай вечара ўся моладзь разам са святарамі збіралася ў кола на беразе ракі Гаўе і, давяраючы свае просьбы Марыі, малілася на ружанцы. Таксама, карыстаючыся прысутнасцю двух святароў у паходзе, кс. Дзяніса Бразінскагa і кс. Анджэя Ганчара, кожны мог прыступіць да сакрамэнту пакаяння ці проста паразмаўляць на хвалюючыя тэмы.
Як сказаў кс. Дзяніс, менавіта тут, на ўлонні прыроды, калі нічога не адцягвае ўвагі, кожны можа па-сапраўднаму перажыць час з Богам.
Каб “выжыць” у лесе, паміж моладдзю былі падзелены абавязкі: за кухню і за парадак былі адказныя дзяўчаты, а за дровы і за заўсёды палаючае вогнішча - хлопцы. Агульнымі намаганнямі тыдзень выдаўся цудоўным і карысным для кожнага.
Праца разбаўлялася вялікай гульнёй, на якую збіраліся абавязкова ўсе. Гэта былі “Кенгуру”, “Біггес”, “Бульдозер” і нават начныя “Галодныя гульні”.
Падарункам для ўсёй моладзі стаў сюрпрыз ад святароў – салют. Гэта быў момант шчырай падзякі для кожнага ўдзельніка паходу 2019.
Гэты адпачынак стаў часам паяднання з прыродай, бліжнімі і Богам. Напэўна, гэты час стаў і добрым штуршком на апошні месяц лета, а таксама на наступны навучальны год.
Марыя Чарняк